viasna on patreon

Старшыня Гомельскага абласнога суду ўражвае сваёй непісьменнасцю (дакумент)

2014 2014-01-16T10:17:04+0300 2014-01-16T10:17:04+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/shaucou-siarhej-gomelablsud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Сяргей Шаўцоў

Сяргей Шаўцоў

Праваабаронца з Мазыра Уладзімір Целяпун атрымаў адказ на свой зварот ад старшыні Гомельскага абласнога суду Сяргея Шаўцова. У снежні 2013 года старшыня судовай інстанцыі праводзіў прыём грамадзян у Мазыры, і мясцовы праваабаронца задаў яму некалькі важных пытанняў. Напрыклад, ці дзейнічаюць міжнародныя і канстытуцыйныя нормы ў беларускіх судах, і ў, прыватнасці, судах Гомельскай вобласці? Гэта пытанне ўзнікла з сітуацыі, калі ў 2011-2012 гадах Уладзімір Целяпун спрабаваў правесці ў Мазыры пікет, які забаранілі ўлады, а затым праз інстанцыі судовай сістэмы дабіцца рэалізацыі правоў, гарантаваных Канстытуцыяй. Суды ж не далі ацэнку дзеянням Мазырскага РАУС, Цэнтральнай гарадской бальніцы, які адмаўляюць ў заключэнні дамоў, прадугледжаных законам «Аб масавых мерапрыемствах» і такім жа рашэннем райвыканкама. Сяргей Шаўцоў для дакладнага адказу на гэтае пытанне прасіў даслаць яму пастановы, рашэнні судоў па канкрэтных справах, што і зрабіў праваабаронца. У адказе, атрыманым 15 студзеня, па сутнасці напісана, што суды дзейнічалі правамоцна. А наконт міжнародных дамоў, Канстытуцыі і закона аб масавых мерапрыемствах старшыня абласнога суду адказаў так, што наўрад ці без лінгвіста можна разабрацца, што менавіта меў на ўвазе Сяргей Шаўцоў. «Такім чынам, пры ДАЗВОЛЕ калізій паміж нормамі падканстытуцыйнага нацыянальнага заканадаўства і нормамі ЗНЯВОЛЕНЫХ міжнародных дагавораў трэба ўлічваць узровень нарматыўнага прававога акта, якім ВЫКАЗАНЫ ЗГОДУ Рэспублікі Беларусь на АБАВЯЗКОВАСЦЬ для яе адпаведнага міжнароднага дагавора», - так адказаў дакладна і літаральна старшыня суду, які «зняволіў» міжнародныя дамовы. Яшчэ ў тэксце кідаюцца ў вочы такія выразы, як «уладаюць большай юрыдычнай сілай», «трэба вылучаць прынцыпы міжнароднага права ад норм міжнародных дагавораў» і так далей. «З адказаў, рашэнняў і пастановаў папярэдніх судоў вынікае, што агульным судам не падведамны праверкі законнасці прыняцця рашэнняў мясцовых уладаў, парадак рэалізацыі гэтых рашэнняў адпаведнымі структурамі (РАУС, паліклініка, ЖКГ). Агульныя суды ніякім бокам у сваіх рашэннях не закраналі невыкананне ратыфікаваных РБ міжнародных дамоваў. Вярхоўны Суд увогуле рэкамендаваў Гомельскаму абласному суду справу спыніць і мне адмовіць ў скарзе, што значыць - адмовіць мне законным шляхам патрабаваць выканання правоў і свабодаў, гарантаваных Канстытуцыяй», - пракаментаваў Уладзімір Целяпун. Па яго словах, з адказу вынікае, што старшыня абласнога суду аспрэчвае прызнанне РБ прыярытэту агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права. «Асноўны закон РБ з’яўляецца пустой дэкларацыяй правоў і свабодаў як для грамадзян Беларусі, так і міжнароднай супольнасці», - прыйшоў да высновы праваабаронца.

 

Фота Сяргея Шаўцова -- з сайта Гомельскага абласнога суда

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства