Кіраўніка АГП Анатоля Лябедзьку пакаралі штрафам (фота)
10-05. Пры ўваходзе ў памяшканне суду у наведвальнікаў даглядалі рэчы і без позвы не хацелі нікога прапускаць. У судовай залі сабралася каля 20 чалавек. Справу разглядае суддзя Кірыл Палулех. Анатоль Лябедзька адказвае па-беларуску.
10-10. Лябедзька не давярае суддзі, паколькі лічыць, што ў Беларусі незалежны суд адсутнічае. Суддзя пайшоў у дарадчы пакой. Адвод адхілены, як неабгрунтаваны.
10-30. Анатоль Лябедзька папрасіў час на азнаямленне са справай. Абвешчаны перапынак на 10 хвілін.
11-15. Палітык не згодзен са складзеным пратаколам, тлумачыць, што не раздаваў аніякіх улётак, а толькі збіраў подпісы супраць увядзення мыта на аўтамабілі.
11-25. Судзьдзя пытаецца пра Віктара Карніенку, ці быў той разам зь Лябедзькам?
Лябедзька гэта пацьвярджае. Судзьдзя просіць патлумачыць, як Лябедзька зьбіраў подпісы? Той распавядае, што падыходзілі і пыталіся ў людзей: калі вы супраць пошліны, якая ўжо укладзеная у кошт бэнзіну, то можаце падпісаць гэты ліст? Людзі ставілі подпісы. (Радыё Свабода).
11-35. Выступае сведка з боку абвінавачвання – супрацоўнік міліцыі Кісель. Лябедзька пазнаў у ім таго, хто яго вывозіў на аўтамабілі.
12-35. Працэс аднавіўся. Лябедзька патрабуе дапытаць сведку міліцыянта Гаўрука, які складаў пратакол. Адмоўлена. Суддзя пытаецца ў Анатоля Лябедзькі, ці збіраў подпісы і Віктар Карняенка. Лябедзька адмовіўся пра гэта паведаміць, сказаў, каб паглядзелі на відэа, якое здымалі шматлікія супрацоўнікі міліцыі, і папрасіў далучыць фота і відэа. Адмоўлена.
12-40. Суддзя выдаліў з залі Ганну Красуліну за фота.
12-45. Пачалося вывучэнне пісьмовых матэрыялаў справы.
13-00. Рашэнне будзе агучана ў 14-00.
14-25. Кіраўнік Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька прызнаны вінаватым у парушэнні артыкула 23.34, частка 3 (арганізацыя альбо ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) і пакараны штрафам у памеры 45 базавых велічынь (5 мільёнаў 850 тысяч рублёў).
***
Суд над кіраўніком Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатолем Лябедзькам адбудзецца ў судзе Савецкага раёна Мінска 14 студзеня ў 10 гадзін раніцы. Яго вінавацяць у парушэнні артыкула 23.34, частка 3 (арганізацыя альбо ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве).
Нагадаем, Анатоля лябедзьку затрымалі раніцай 12 студзеня, а вызвалілі толькі ў 18 гадзін. Прычым, да гэтага яго вывозілі за межы Мінска. Спачатку палітыка адвезлі ў РУУС Савецкага раёна Менску, а потым — у апорны пункт міліцыі, які знаходзіўся побач, дзе быў складзены пратакол правапарушэння за акцыю 5 студзеня. Тады Лябедзька і сустаршыня кампаніі “За справядлівыя выбары” Віктар Карняенка збіралі ў цэнтры Мінска подпісы за адмену аўтапошліны.
Затым палітыка пасадзілі ў легкавы аўтамабіль і вывезлі на МКАД, спачатку ў Курапаты, а тады да гарадскога крэматорыя. Каля 18 гадзі вечара яго адвезлі ў Вяснянку і пакінулі там.