viasna on patreon

Праваабаронцы паведамляюць пра смерць арыштаванага ў Віцебскім ІЧУ

2014 2014-01-12T14:02:36+0300 2014-01-12T14:02:36+0300 be

Як паведамляе ЧКПУ «Платформ інавейшн», пры правядзенні маніторынгу месцаў прымусовага ўтрымання выяўлены факт раптоўнай смерці ў Віцебскім ІЧУ адміністрацыйна-затрыманага за парушэнне арт. 17.1 КоАП (дробнае хуліганства) 50-гадовага Ігара Кудзелкі. 

Мяркуючы па інфармацыі на сайце праваабаронцаў, 28 снежня мінулага года Кудзелка пасля «п'янага» сямейнага скандалу быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі і змешчаны ў спецыялізаваны ізалятар (выцвярэзнік). Перад гэтым яго агледзелі медработнікі, праблем са здароўем, акрамя стану алкагольнага ап'янення, у парушальніка выяўлена не было. Пасля знаходжання ў выцвярэзніку Кудзелка паўторна быў агледжаны медыкамі, скаргаў на дрэннае самаадчуванне ад яго не было і да разгляду справы аб адміністрацыйнам правапарушэнні ён быў пераведзены ў ІЧУ УУС Віцебскага аблвыканкама. 

Паводле звестак, атрыманых супрацоўнікамі маніторынгавай групы, 29 снежня Кудзелка адчуў сябе дрэнна, яму выклікалі хуткую дапамогу. Да прыезду урачоў мужчыну была аказана першая дапамога медыцынскімі работнікамі ІЧУ, аднак «хуткая» канстатавала смерць затрыманага. 

Як паведамляе «Платформ інавейшн», цяпер цела Кудзелкі знаходзіцца ў аддзяленні судова-медыцынскай экспертызы Віцебска. Бачных пашкоджанняў і прыкмет гвалтоўнай смерці на целе памерлага не выяўлена, прычына смерці ўстанаўліваецца. 

Па факце смерці затрыманага праводзіцца праверка. 

Паводле звестак, прадстаўленых праваабаронцам органамі МУС, Кудзелка неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне грамадскага парадку, быў асуджаны за незаконны абарот алкаголю і прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання, стаяў на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі Віцебскага РАУС. Загінулы працаваў мулярам на адным з прадпрыемстваў горада.


 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства