viasna on patreon

Гомель: за антыалкагольны пікет Зміцера Карашкова пакаралі штрафам

2014 2014-01-09T18:25:58+0300 2014-01-09T18:25:58+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

9 студзеня суддзя суду Цэнтральнага раёна Гомеля Алена Цалкова вынесла пастанову па адміністрацыйнаму пратаколу, складзенаму супрацоўнікамі міліцыі ў дачыненні каардынатара грамадзянскай ініцыятывы «Хопіць піць – трэба жыць» Зміцера Карашкова. За правядзенне антыалкагольнага пікету суддзя пакарала актывіста штрафам у памеры 10 базавых велічынь (1,3 мільёны рублёў).

Суддзя Алена Цалкова вырашыла, што правядзеннем пікету Зміцер Карашкоў парушыў артыкул 23.34 КаАП (парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства). Пры вынясенні рашэння суддзя ўзгадала міжнародны Пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, у прыватнасці, права грамадзян на мірныя сходы, калі гэта не супярэчыць «грамадскаму парадку, ахове здароўя, маральнасці грамадзян». Алена Цалкова прыйшла да высновы, што прыцягненне актывіста да адказнасці па артыкулу 23.34 КаАП не супярэчыць Міжнароднаму пакту.

Зміцер Карашкоў віны сваёй не прызнаў, і дадаў, што лічыць свае дзеянні законнымі, спаслаўшыся на артыкул 35 Канстытуцыі РБ.

Нагадаем, 11 лістапада каардынатар грамадзянскай кампаніі выйшаў да аблвыканкаму з расцяжкай «Спыніце продаж алкаголю каля школ!». Ён быў затрыманы міліцыяй.

«Мае дзеянні, а менавіта пікет, не супярэчылі грамадскім інтарэсам, а наадварот. Улада не можа закрываць вочы на алкагалізацыю, але таксама яна не выносіць ніякіх пратэстаў ці актыўнасці з боку грамадзян. Рашэнне суда для мяне было чаканым», - пракаментаваў актывіст.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства