Аляксандра Францкевіча і дзяўчат, якія яго абаранялі, судзяць (аднаўляецца)
У судзе Цэнтральнага раёна Менска 23 снежня адбудзецца разгляд адміністрацыйных спраў Аляксандра Францкевіча, Анастасіі Кухта і Анастасіі Шатэрнік. Яны былі затрыманыя пад час акцыі аўтааматараў “Стоп-падатак” у Мінску 20 снежня.
Затрыманне адбылося каля плошчы Перамогі з боку Дома-музея РСДРП каля 18.30. Да Аляксандра Францкевіча падыйшлі невядомыя асобы ў цывільным без апазнавальных бэйджыкаў, калі пабачылі, што актывіст здымае на тэлефон супрацоўнікаў міліцыі.
За Францкевіча спрабавалі заступіцца Анастасія Кухта і Анастасія Шатэрнік, у выніку чаго ўсе трое былі затрыманыя. Пакуль невядома, у якім правапарушэнні іх абвінавачваюць.
Па папярэдняй інфармацыі ўсе трое знаходзіліся ў РУУСе Цэнтральнага раёна г.Менску, а затым чакалі суду ў панядзелак ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў ГУУС Мінгарвыканкама.
***
15-00. Справу Анастасіі Кухто разглядае суддзя Аляксандр Якунчыхін. Усіх трох судзяць за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі па арт. 23.4 КаАП РБ.
16-35. Справу Аляксандра Францкевіча разглядае суддзя Вікторыя Шабуня.
17-15. Анастасія Шатэрнік - штраф 10 базавых велічынь.
17-30. Аляксандру Францкевічу - 12 сутак арышту.
Вядома таксама, што ў судзе Ленінскага раёна Менска сёння адбудзецца разгляд адміністрацыйных спраў затрыманых пад час акцыі "Стоп-падатак" аўтааматараў Канстанціна Глушко і Андрэя Самохіна.
Былы палітвязень Аляксандар Францкевіч быў асуджаны Заводзскім судом Менску 24 траўня 2011 году на 3 гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Адбываў прысуд у калоніі № 22 каля г. Івацэвічы (Берасцейская вобласць) “Ваўчыныя норы”. Вызвалены 3 верасня 2013 году.