Маніторынгавая справаздача па выніках назірання за ходам акцыі “Стоп-падатак” у Мінску 20 снежня 2013 года
20 снежня 2013 г. у Мінску адбылася акцыя супраць увядзення мыты на аўто. Прызывы на дадзеную акцыю ажыццяўляліся праз сацыяльныя сеткі, дазвол на правядзенне акцыі не падаваўся, вядомыя пагрозы з боку ДАІ аб штрафаванні і эвакуацыі для ўдзельнікаў.
Падчас дадзенай акцыі на тэрыторыі ўздоўж праспекту Незалежнасці ад плошчы Перамогі да ГУМу ажыццяўлялася рэгулярнае назіранне ў складзе 4 назіральнікаў з 17.30 да 19.30.
І. Высновы:
1. Можам адзначыць мірны характар масавага мерапрыемства (калі “арганізатары маюць мірныя намеры і сход мае негвалтоўны характар”) цягам усёй акцыі. Пры гэтым адсутнасць заяўкі на правядзенне масавага мерапрыемства не павінна расцэньвацца як супрацьпраўнае дзеянне, але як рэалізацыя права на свабоду мірных сходаў, гарантаванага Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (арт.35) і Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах (арт.19 і арт.21);
2. Супрацоўнікі праваахоўных органаў замест выканання функцыі аховы ўдзельнікаў мірнай акцыі ажыццяўлялі кантралюючыя функцыі, а таксама рэпрэсіўныя ў асобных інцыдэнтах (выцясненне людзей у пераход паміж уваходам у ўніверсам “Цэнтральны” і Кастрычніцкай плошчай; затрыманні людзей, эвакуацыя машын, наяўнасць вялікай колькасці супрацоўнікаў міліцыі ў штацкай вопратцы і іншыя), чым стваралі перашкоды ў рэалізацыі права грамадзян на свабоду мірных сходаў;
3. Мелі месца факты беспадстаўнага затрымання трох маладых людзей: Аляксандра Францкевіча, Анастасіі Кухты і Анастасіі Шатэрнік, якіх немагчыма ацаніць нават у якасці ўдзельнікаў акцыі. Па інфармацыі ад сведкаў затрымання Аляксандр Францкевіч здымаў падзеі на тэлефон, а дзяўчыны заступіліся за яго пры затрыманні Аляксандра невядомымі асобамі. На дадзены момант усе трое знаходзяцца ў ЦІП ГУУС Мінгарвыканкама ў чаканні суду 23.12.2013 г. Афіцыйную падставу затрымання супрацоўнікі міліцыі паведамляць адмовіліся, як і пацвярджаць сам факт адміністратыўнага затрымання. Такое затрыманне носіць характар адвольнага, якое не павінна мець месца ў прававой дзяржаве. Адзначаецца тэндэнцыйнасць падобных паводзінаў з боку праваахоўных органаў падчас масавых мерапрыемстваў (цягам усяго году мелі месцы адвольныя затрыманні ўдзельнікаў у тым ліку санкцыянаваных мерапрыемстваў – падрабязней ў маніторынгавых справаздачах за такія масавыя мерапрыемствы як “Дзяды-2013”, “Чарнобыльскі шлях 2013”, “Дзень Волі 2013” і іншых);
4. Асаблівую занепакоенасць выклікае немагчымасць ідэнтыфікаваць супрацоўнікаў праваахоўных органаў як такіх праз адсутнасць форменнай вопраткі, а таксама адсутнасць ідэнтыфікацыйных картак на супрацоўніках у форме.
Да таго ж варта адзначыць, што рэгуляванне парадку правядзення масавых сходаў у Беларусі, замацаванае Законам “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь” ад 30 снежня 1997 года (у рэдакцыі ад 08.11.2011), супярэчыць міжнародным стандартам. У сумесным заключэнні Венецыянскай камісіі і БДІПЧ/АБСЕ (CDL-AD (2012) 006) адзначана: “Закон аб масавых мерапрыемствах характарызуецца падрабязным празмерным рэгуляваннем працэдурных аспектаў правядзення сходаў. Закон стварае складаную працэдуру захавання жорсткай і працаёмкай працэдуры атрымання дазволу, у той жа час пакідаючы большую свабоду дзеянняў адміністрацыйным органам для прымянення Закона. Гэтая працэдура не адлюстроўвае пазітыўнае абавязацельства дзяржавы забяспечваць і заахвочваць ажыццяўленне права на свабоду мірных сходаў і на свабоду выказвання меркаванняў”. Акрамя таго, Камітэт па правах чалавека ААН неаднаразова зафіксаваў парушэнні з боку Беларусі права на свабоду мірных сходаў[1].
ІI. Ход акцыі
Падчас масавага мерапрыемства былі зафіксаваныя наступныя факты:
а) Колькасць удзельнікаў – да 100 машын і да 200 людзей уздоўж маршрута. Машыны рухаліся ад плошчы Перамогі да плошчы Незалежнасці з перыядычнай падачай гукавых сігналаў. З некаторых машын даносіліся спевы (Ляпіс Трубецкой, Кино). Уздоўж праспекта перамяшчаліся людзі, частка з іх паказвала вітальныя знакі падтрымкі машынам (падняты ўверх вялікі палец рукі), а таксама пляскалі ў далоні. Былі зафіксаваныя таблічкі ў пешаходаў і на аўтамабілях з надпісам “STOP-налог”;
б) На Кастрычніцкай плошчы да 2-х назіральнікаў падышлі невядомыя асобы ў цывільнай вопратцы з рацыяй, настойліва запытвалі пра асобу назіральнікаў і патрабавалі тлумачэнні аб дзеяннях. Пасля прадстаўлення пасведчанняў назіральнікаў невядомыя асобы адышлі і не стваралі больш перашкодаў;
в) Адзін з назіральнікаў зафіксаваў перашкоды для працы журналістаў: каля цырку супрацоўнікі міліцыі даведваліся ў людзей са здымачнай тэхнікай адкуль яны, пры гэтым стваралі перашкоды для фота- і відэафіксацыі падзей як для мінакоў, так і для прадстаўнікоў СМІ аўтамабільнага кірунку (“Автобизнес” у прыватнасці);
г) Арганізатары не былі выяўлены;
д) Факты агрэсіўных паводзінаў ці заклікаў удзельнікаў не зафіксаваныя;
е) Сярод прадстаўнікоў органаў аховы правапарадку былі заўважаныя:
– каля 60 супрацоўнікаў міліцыі у чорнай форме з надпісам “ОМОН” без апазнавальных знакаў. У частцы з іх зафіксаваныя спецсродкі (гумовыя палкі, сродкі звязвання) і рацыі;
– колькасць супрацоўнікаў у цывільнай вопратцы – ад 30 да 50 чалавек (часта з рацыямі, у тым ліку супрацоўнікі ГУУС Мінгарвыканкама);
–супрацоўнікі ДАІ і ДПС – каля 20 чалавек;
- Ніводнага супрацоўніка міліцыі немагчыма было ідэнтыфікаваць у сувязі з адсутнасцю ідэнтыфікацыйных карт.
- Быў зафіксаваны факт блакіравання супрацоўнікамі міліцыі руху людзей каля спуску ў перахода метро (станцыя Кастрычніцкая) каля універсама “Цэнтральны”, дзе супрацоўнікі АМАПу узялі ў кола людзей, якія стаялі ад сцяны будынку да праезджай часткі і з выкарыстаннем прыёму “адцясненне” адагналі людзей ў пераход.
- Ніякіх мераў па ахове ўдзельнікаў акцыі супрацоўнікі органаў унутраных спраў не ажыццяўлялі – іх дзейнасць зводзілася да перапісвання машын, якія падаюць гукавыя сігналы, спыненне асобных удзельнікаў, адцясення людзей без абгрунтаваных прычын;
- Патрабаванняў з боку органаў аховы правапарадку не заўважана;
- Прамых форм праявы агрэсіі з боку супрацоўнікаў міліцыі не зафіксавана, аднак у інцыдэнце з блакіраваннем людзей каля перахода метро назіральнікі заўважылі сцэну грубага штурхання маладога чалавека, якое суправаджалася крыкамі ў яго бок;
- З міліцэйскага службовага транспарту былі заўважаныя: 2 белыя аўтобусы сярэдняга памеру для перавозкі супрацоўнікаў АМАПу, адзін зялёны аўтобус аналагічнага прызначэння, аўтазакі, газэлі, трактар-эвакуатар і машыны ДПС.
- Вядомы факты як мінімум 3 эвакуацый і канфіскацый машын удзельнікаў і факты накладання штрафаў за падачу гукавых сігналаў;
- Па словах сведкі, якія паведаміў адразу інфармацыю назіральнікам, каля плошчы Перамогі з боку Дома-музея РСДРП каля 18.30 быў затрыманы невядомымі асобамі ў штацкай вопратцы за спробу зняць на тэлефон супрацоўнікаў міліцыі Аляксандр Францкевіч. За маладога чалавека спрабавалі заступіцца Анастасія Кухта і Анастасія Шатэрнік, у выніку чаго ўсе трое былі затрыманыя, сувязь з німі адсутнічае. Па папярэдняй інфармацыі ўсе трое знаходзіліся ў РУУСе Цэнтральнага раёна г.Менску і будуць чакаць суду ў панядзелак 23 снежня ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў ГУУС Мінгарвыканкама. Пры апіcаных абставінах цяжка зразумець падставы для адміністратыўнага затрымання;
- машына хуткай медыцынскай дапамогі не суправаджала масавае мерапрыемства.
ІІІ. Рэкамендацыі
Супрацоўнікам праваахоўных органаў:
*Забяспечваць належную ахову ўдзельнікаў мірнага сходу;
*у адпаведнасці з арт.5 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб органах унутраных спраў", "дзейнасць органаў унутраных спраў з'яўляецца галоснай". Кіруючыся гэтай нормай, лічым, што ўсе супрацоўнікі павінны ажыццяўляць ахову грамадскага парадку падчас масавых мерапрыемстваў у форменнай вопратцы, а таксама быць пазначанымі ідэнтыфікацыйнымі карткамі (бэйджамі).
*абазначыць кантактную асобу з ліку супрацоўнікаў міліцыі для камунікацыі ў выпадку патрэбаў з назіральнікамі, СМІ і арганізатарамі масавага мерапрыемства;
*Спыніць паслядоўную практыку адвольных затрыманняў падчас мірных сходаў.
Суб’ектам, якія валодаюць правам заканадаўчай ініцыятывы:
*ініцыяваць змены ў беларускае заканадаўства з мэтай прывядзення ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі ў галіне мірных сходаў.
[1] Арт.21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.