viasna on patreon

Змены ў Выбарчы кодэкс не адлюстроўваюць прынцыповых заўвагаў незалежных назіральнікаў

2013 2013-12-20T13:08:45+0300 2013-12-20T16:49:17+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vybary-2014-press.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Валянцін Стэфановіч і Алег Гулак

Валянцін Стэфановіч і Алег Гулак

Сёння прайшла першая прэс-канферэнцыя ў межах кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" па маніторынгу выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў Рэспублікі Беларусь 27-га склікання.

Праваабаронцы Валянцін Стэфановіч (ПЦ "Вясна") і Алег Гулак (БХК) распавялі пра грамадска-палітычную сітуацыю ў Беларусі, на фоне якой будуць праходзіць выбары, а таксама пра змены ў Выбарчы кодэкс, якія, дарэчы, не адлюстроўваюць прынцыповых заўвагаў і рэкамендацыяў, з якімі выступалі як беларускія, так і замежныя незалежныя назіральнікі.

Па меркаванні Валянціна Стэфановіча, сённяшнюю сітуацыю ў краіне нельга назваць спрыяльнай ў палітычным сэнсе. "Выбары ўжо даўно не з'яўляюцца механізмам змены ўлады, у нас наогул адсутнічае публічная канкурэнцыя ў палітыцы, а грамадзянскія і палітычныя правы толькі імітуюцца з боку дзяржавы, - падкрэсліў эксперт. - Дагэтуль адгукаюцца наступствы прэзідэнцкіх выбараў у 2010 года - за кратамі па-ранейшаму знаходзяцца палітычныя апаненты ўлады, да вызваленых актывістаў прымяняюцца абмежавальныя меры".

Знакавым для сёлетняй выбарчай кампаніі будзе з'яўляцца тое, што пачынаюць дзейнічаць змены ў Выбарчы кодэкс. Алег Гулак падкрэсліў, што законапраект з'явіўся для публічнага азнакамлення толькі пасля яго канчатковага прыняцця. "Нават запрошаныя МЗС прадстаўнікі БДІПЧ АБСЕ не атрымалі поўнага дакумента зменаў, не было інфармацыі і ў грамадскасці". Па меркаванні праваабаронцы, гэта не дапушчальна і яшчэ раз падкрэслівае, што ўлады не зацікаўленыя ў тым, каб выбарчы працэс быў празрыстым, шырока абмяркоўваўся грамадскасцю.

Эксперты падкрэсліваюць, што прынятыя змены ў заканадаўства не адлюстроўваюць асноўных праблемаў выбарчага працэсу, а менавіта - падлік галасоў, датэрміновае галасаванне, фарміраванне выбарчых камісіяў.

Што датычыцца прынятых зменаў, эксперты негатыўна ацанілі новаўвядзенне з агітацыяй - цяпер на друкаваную прадукцыю кандыдатам не будуць выдзяляць сродкі з бюджэту. "Кандыдат павінен за месяц паспець сфарміраваць фонд, сабраць грошы, надрукаваць улёткі і яшчэ распаўсюдзіць іх," - адзначыў Стэфановіч. 

Апроч таго, паводле закона, забараняюцца заклікі да байкоту, за парушэнне нормы ўводзіцца адміністратыўная адказнасць.

Агулам эксперты адзначылі, што цікавасць да мясцовых выбараў у насельніцтва наўрад ці будзе высокай, а новаўвядзенні з фінансаваннем агітацыйнай прадукцыі зробяць выбарчую кампанію яшчэ больш незаўважнай.

Файлы

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства