viasna on patreon

У Менску ўзнагародзяць Чэмпіёнаў грамадзянскай супольнасьці

2013 2013-12-19T15:42:33+0300 2013-12-19T15:42:33+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/asamblejanda.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі

Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі

Пятая штогадовая цырымонія ўзнагароджаньня прэміі Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў “Чэмпіёны грамадзянскай супольнасьці” пройдзе 23 сьнежня ў Менску. Прэміяй уганароўваюцца выбітныя асобы, арганізацыі й падзеі, якія былі знакавымі й значнымі для разьвіцьця беларускага трэцяга сэктару за 2013 год.

Як паведаміла Выканаўчае бюро Асамблеі НДА, сёлета паступіла рэкордная колькасьць кандыдатаў па кожнай зь дзевяці намінацыяў. Актыўна дасылалі свае прапановы сябры Асамблеі з рэгіёнаў. Шорт-ліст для галасаваньня – у кожнай намінацыі ня больш за 7 кандыдатаў - будзе сфармаваны Праўленьнем Асамблеі НДА.

Варта адзначыць, што сёлета сьпіс намінацыяў прыцярпеў пэўныя зьмены. Так, былі выкрэсьленыя традыцыйныя намінацыі “Рэгістрацыя году” і “Адмова году”. Сярод новых намінацыяў варта адзначыць “Лапаць году”, якая ўручаецца за нэгатыўныя дзеяньні ў дачыненьні да арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці і іх прадстаўнікоў, а таксама СМІ году, якая адзначае масмэдыя, якоенайбольш грунтоўна і рознабакова асьвятлала грамадзкую дзейнасьць.

Прэмія скіраваная на ўганараваньне і адзначэньне найбольш значных падзеяў ня толькі ў Менску, асобнай намінацыяй вызначаная й “Рэгіянальная падзея году”. Таксама будуць адзначаныя “Грамадзкая кампанія году”, “Месца году”, “Новая ініцыятыва”, “Крэатыў году”, а таксама “Найлепшы сайт НДА”. На цырымоніі будзе названы і Грамадзкі лідэр году-2013.

Нагадаем, 23 сьнежня 2009 году ўпершыню адбылася нефармальная цырымонія ўзнагароджаннья найбольш выбітных грамадзкіх ініцыятываў ды кампаніяў. За чатыры гады Чэмпіёнамі грамадзянскай супольнасьці ў намінацыі “Грамадзкі лідэр году” станавіліся Алесь Бяляцкі, Жана Літвіна, Анджэй Пачобут, Валер Булгакаў, у намінацыі “Крэатыў году” быў адзначаны віртуальны абменьнік сайтProkopovi.ch.

Больш інфармацыі пра прэмію “Чэмпіёны грамадзянскай супольнасьці” – па спасылцы: http://belngo.info/?page_id=216

Працэдура: Хто і як абірае Чэмпіёнаў грамадзянскай супольнасьці?

Сьпіс намінацыяў прэміі вызначаецца Праўленьнем Асамблеі НДА. Сябры Рабочай групы Асамблеі НДА прапаноўваюць кандыдатаў на кожную намінацыю з абгрунтаваньнем яе вылучэньня. Шорт-ліст для галасаваньня складае Праўленьне Асамблеі НДА. Максімальная колькасьць намінантаў па кожнай намінацыі ў канчатковым сьпісе – 7. Калі колькасьць вылучаных кандыдатаў больш за 7, скарачэньне адбываецца шляхам рэйтынгавага галасаваньня Праўленьня.

Бюлетэнь для галасаваньня са сьпісам намінацыяў і намінантаў дасылаецца сябрам Рабочай групы, кіраўнікам і экспэртам уплывовых беларускіх грамадзкіх аб’яднаньняў, атрымальнікам прэміі “Чэмпіёны грамадзянскай супольнасьці” мінулых гадоў. Галасаваньне дапускаецца толькі па адной кандыдатуры ў кожнай намінацыі.

Праўленьне Асамблеі вызначае склад падліковай камісіі, якая ажыцьцяўляе падлік галасоў. Пераможцам у намінацыі абвяшчаецца кандыдат, які набраў найбольшую колькасьць галасоў.  Вынікі галасаваньня зацьвярджаюцца Праўленьнем Асамблеі НДА.

Прэсавая служба Асамблеі НДА, preskantakt@belngo.info

У далучаным файле - анонс намінантаў на прэмію “Чэмпіёны грамадзянскай супольнасьці”

 

Файлы

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства