У Гародні дзяржаўны тэлеканал здзейсніў правакацыю супраць сябра БАЖ (відэа)
У Гародні дзяржаўны тэлеканал “Гродно плюс” адзначыўся бруднай правакацыяй. У выпуску навінаў быў паказаны, а пасля некалькі разоў паўтораны крымінальны сюжэт карэспандэнткі Галіны Давыдзік і відэааператара Сяргея Печарыцы. У ім расказвалася пра тое, што міліцыяй затрыманы падазраваны ў злачынстве – згвалтаванні 25-гадовай дзяўчыны, жыхаркі абласнога цэнтра. Было расказана пра аператыўную працу міліцыі, якая цягам двух дзён здолела злавіць верагоднага гвалтаўніка. Быў прадэманстраваны і сам момант затрымання падазраванага. І тут жа буйным планам быў паказаны плакат з фотаздымкам і подпісам імя і прозвішча Аляксея Салея, сябра Беларускай асацыяцыяй журналістаў, які неаднаразова пераследаваўся за сваю прафесійную дзейнасць і супраць якога была пачата крымінальная справа. Афіцыйна Аляксей Салей знаходзіцца зараз у вышуку. Характэрна, што знешне хлопец, якога паказалі ў момант затрымання, сапраўды нагадвае Аляксея Салея.
Маці Аляксея Салея абураная такім тэлесюжэтам і збіраецца звяртацца ў суд для абароны годнасці і гонару. Кажа Ірына Салей: “Я расцэньваю гэта як гнюсную правакацыю. Калі супраць майго сына пачалі крымінальную справу за нібыта выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў, ён з’ехаў за мяжу, дзе знаходзіцца і зараз. На яго спярша імкнуліся “павесіць” крымінальную справу за нібыта незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць, але не знайшлі аніводнага сведкі супраць майго сына, ніхто з жыхароў дома не захацеў удзельнічаць у гэтым брудзе. Тады яны прыдумалі іншы – ганебны артыкул за парнаграфію. А цяпер вось такі тэлесюжэт, які абражае не толькі майго сына, але і асабіста мяне”.