Смерць Ігара Пцічкіна ў СІЗА расследуе ўжо Галоўнае следчае ўпраўленне
Яно прыняло да сваёй вытворчасці крымінальную справу, распачатую ў сувязі са смерцю мінчука ў следчым ізалятары на Валадарскага.
Справа распачатая ў адносінах работніка медычнай часткі СІЗА №1 Упраўлення дэпартамента выканання пакаранняў МУС Беларусі па горадзе Мінску і Мінскай вобласці. Яго падазраюць у неналежным выкананні прафесійных абавязкаў, што па неасцярожнасці стала прычынай смерці асуджанага. Расследаванне працягваецца. Раней ім займалася ўпраўленне Следчага камітэта па Мінску.
У сувязі з прызначэннем паўторнай судова-медычнай экспертызы была праведзена эксгумацыя цела памерлага. У гэтым бралі ўдзел эксперты Дзяржкамітэта судовых экспертызаў, паведамляе БЕЛТА.
Нагадаем, 21-гадовы мінчук Ігар Пцічкін быў асуджаны да трох месяцаў адміністрацыйнага арышту за кіраванне аўтамабілем без адпаведных правоў. Адбываць пакаранне ён прыбыў у следчы ізалятар на Валадарскага. Літаральна праз трое сутак, 4 жніўня 2013-га, хлопец памёр. Сваякі не верылі, што прычынай смерці стаў сардэчны прыступ, як сцвярджала кіраўніцтва ізалятару. Яны прадэманстравалі праваабаронцам фатаграфіі, на якіх бачныя вялікія гематомы і пашкоджанні на целе нябожчыка.