Алесь Бяляцкі: «Усе прэміі і ўзнагароды - выразны сігнал людзям добрай і нядобрай волі ў Беларусі»
Алесь Бяляцкі адгукнуўся на навіну пра ўручэнні яму тытула Ганаровага грамадзяніна Парыжа. На цырымоніі ўручэння, якая адбылася 10 снежня ў мэрыі Парыжа, сын палітвязня Адам Бяляцкі зачытаў перад прысутнымі словы, перададзеныя Алесем з засценкаў бабруйскай калоніі.
«Прысуджэнне ганаровага грамадзянства Парыжа для мяне - гэта вялікі і нечаканы гонар. І я хачу падзякаваць і Савету Парыжа, і мэра Парыжа, і гарадскому савету 11-й акругі, які праявіў такую ініцыятыву, і, вядома, усім-усім-усім, хто меў да гэтага дачыненне.
Я таксама разумею велізарную долю авансу ў гэтым ганаровым грамадзянстве.
Будзем расцэньваць ўсе прэміі і ўзнагароды як выразны сігнал людзям добрай і нядобрай волі ў Беларусі. А мы - толькі перадатчыкі гэтых сігналаў і рэтранслятары. Адны саджаюць мяне ў турму - пасылаюць свой сігнал, іншыя - даюць прэміі, зноў жа пасылаюць іншы сігнал. Роля сімвалічнага аб'екта таксама чагосьці вартая...
Вялікае, велізарнае прывітанне ўсім нашым сябрам у Парыжы!» - напісаў Алесь Бяляцкі.
На здымку: мэр 11-й акругі Парыжа Патрык Блош, Адам Бяляцкі, прэзідэнт FIDH Карым Лахіджы, мэр Парыжа Бертран Дэланоэ
Атрымліваючы гэтую ўзнагароду, якая сімвалізуе салідарнасць французскай сталіцы з віцэ-прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) і кіраўніком Праваабарончага цэнтра "Вясна", Адам Бяляцкі падзякаваў мэру сп. Бертрану Дэланоэ ад імя бацькі, сваёй сям'і і сябе асабіста.