viasna on patreon

Эксперты: Без закона аб гендэрнай роўнасці прадухіліць дыскрымінацыю немагчыма

2013 2013-12-06T10:55:38+0300 2013-12-06T10:55:38+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/gender-equality.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі рэалізуецца ўжо чацвёрты Нацыянальны план па дасягненні гендэрнай роўнасці. Аднак да гэтага часу не прынятыя законы "Аб забеспячэнні роўных правоў і магчымасцяў мужчын і жанчын" і " Аб супрацьдзеянні хатняму гвалту".

Удзельнікі круглага стала «Дасягненні гендэрнай роўнасці: удасканаленне заканадаўства і гендэрнай палітыкі» адзначылі, што найбольш часта дыскрымінацыя ў адносінах да жанчын сустракаецца на рынку працы, для мужчын - на заканадаўчым узроўні ў выглядзе больш жорсткіх мер пакарання за ўчыненыя злачынствы, а таксама ў выглядзе абавязковай вайсковай службы.

"На рынку працы па-ранейшаму захоўваецца вертыкальная сегрэгацыя, - адзначала прадстаўнік Жаночага незалежнага дэмакратычнага руху Ірына Сідорская. - Напрыклад, у сферы адукацыі занята 82 % жанчын, аднак толькі 5% з іх займаюць найвышэйшую пасаду - рэктара універсітэта. Гарызантальная сегрэгацыя таксама мае месца - беларускія жанчыны занятыя ў найменш аплачваемых сферах - гандаль, гасцінічны і рэстаранны бізнэс, адукацыя і ахова здароўя".

Па-ранейшаму існуе разрыў паміж заробкам - фактычны даход жанчын складае 74,5 % ад даходу мужчын (па дадзеных Белстата на канец 2012 года).

Канцэпцыю закона распрацоўвалі юрысты Таццяна Навумовіч (Белдзяржуніверсітэт ), Антаніна Кавалёва (ГА " Праваабарончы альянс" ) , Алена Яськова (Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў) . На прэзентацыі яны адзначалі, што прыняцце закона пацягне за сабой змены і ў іншых
нарматыўна -прававых актах.

"Нам часта даводзіцца чуць, што закон аб гендэрнай роўнасці не патрэбны, боу роўнасць і так прапісана ў беларускім заканадаўстве, гарантуецца на ўсіх узроўнях. Я хачу прывесці просты прыклад. Нядаўна ў Мінску праходзіла рэкламная кампанія мэблевай фабрыкі: на плакатах была намалявана канапа, на якой сядзела прыгожая дзяўчына. Рэкламны слоган абвяшчаў: "Даступная раскоша". Вядома, узнікаюць пытанні, што разумеюць пад раскошай - прадмет інтэр'еру ці дзяўчыну? Дык вось, маючы закон аб гендэрнай роўнасці, аўтараў такой сексісцкай рэкламы можна прыцягнуць да адказнасці" , - адзначыла старшы выкладчык юрфака БДУ Таццяна Навумовіч.

У канцэпцыі закона аўтары, дарэчы, узгадваюць аб упаўнаважаным па правах чалавека, які будзе займацца пытаннямі гендэрнай роўнасці.

"На мой погляд, у існуючых умовах ўводзіць спецыяліста па такім вузкім пытанні неразумна, хоць у некаторых краінах сапраўды ёсць некалькі омбудсменаў, якія адказваюць кожны за асобную сферу. Аднак я лічу , што ў Беларусі павінен працаваць адзін амбудсмэн, які мае ў сваім апараце памочнікаў і кансультантаў, у тым ліку, па гендэрных пытаннях " , - адзначыла старшыня праўлення" Цэнтра прававой інфармацыі" Алена Танкачова.

"Для дасягнення гендэрнай роўнасці неабходна праява палітычнай волі, - кажа каардынатар Нацыянальнай гендэрнай платформы і сустаршыня ГА " Жаночы незалежны дэмакратычны рух" Людміла Пеціна. - Дзяржава павінна вызначыць гендэрную роўнасць адным са сваіх асноўных прыярытэтаў. Для гэтага трэба ўвесь час вывучаць і пераасэнсоўваць праблематыку ўзаемаадносін паміж мужчынам і жанчынай , сфармаваць эфектыўную нацыянальную гендэрную палітыку і распрацаваць нацыянальную канцэпцыю дасягнення гендэрнай роўнасці".

Рашэнне аб мэтазгоднасці прыняцця закона "Аб забеспячэнні роўных правоў і магчымасцяў мужчын і жанчын" будзе прынята ў бліжэйшыя дні. У экспертаў няма упэўненасці ў станоўчым рашэнні прадстаўнікоў улады, якія засядаюць у Нацыянальным савеце па гендэрнай палітыцы.

"Грамадскія арганізацыі салідарныя ў гэтым пытанні - закон неабходны. Мы пастараемся данесці гэтую пазіцыю уладам. Аднак ужо сёння трэба думаць, якая будзе наша стратэгія, калі прыняцце закона будзе адкладзена альбо будзе заяўлена аб яго немэтазгоднасці", - заявіла старшыня "Беларускай асацыяцыі маладых хрысціянскіх жанчын" Вольга Янчук.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства