Мікалаю Уласевічу не дазволілі праводзіць пікет супраць карупцыі
4-га снежня грамадскі актывіст з Астравеччыны Мікалай Уласевіч атрымаў адмову ў правядзенні пікету. Заяўку Уласевіч падаваў на 7 снежня, а месцам была пазначана пляцоўка каля камбіната бытавога абслугоўвання раённага цэнтру Астравец. Мэтай пікету пад назвай “Карупцыянераў да адказнасці” было прыцягненне ўвагі жыхароў, а таксама праваахоўных органаў да службовых злоўжыванняў і карупцыйных праяваў сярод высокапастаўленых асобаў раёну.
Адмова падпісана першым намеснікам старшыні Астравецкага райвыканкаму Андрэем Янчэўскім. Чыноўнікі лічаць, што Уласевіч парушыў патрабаванне артыкула 5 “Закона аб масавых мерапрыемствах” у частцы прыняцця мер па забеспячэнні грамадскага парадку і бяспекі пры правядзенні масавага мерапрыемства, мераў, звязаных з медыцынскім абслугоўваннем, а таксама крыніцамі фінансавання масавага мерапрыемства.
Мікалай Уласевіч так каментуе гэтую адмову: “Атрыманы адказ лічу чарговым пацверджаннем уседазволенасці, якою ўсіх нас беспакарана у Беларусі “кормяць” ужо многія гады чыноўнікі, якія зусім не прытрымліваюцца законаў і робяць ўсе, што ім прыйдзе ў галаву. Цікава, што нават праблему карупцыі нельга завастраць, хоць здавалася б сама ўлада з зайздроснай паслядоўнасцю пра гэта гаворыць. Насамрэч, як сведчыць сапраўдны стан рэчаў, у тым ліку і гэты атрыманы мной адказ, далей гучных “маланак і громаў” у змаганні з карупцыяй як сістэмнай з’явай, справа не ідзе. Адмову ў правядзенні пікета буду абскарджваць у судзе. Хоць ужо зараз зразумела, якое прыме рашэнне гэты дзяржаўны орган, які, па-сутнасці, з’яўляецца прыдаткам галоўнай у нас галіны ўлады – выканаўчай”.