Каштарыс па-гарадзенску: правядзенне пікету каштуе больш 23 мільёнаў рублёў
4 снежня ў судзе Ленінскага раёна Гродна прайшоў разгляд скаргі гродзенскіх праваабаронцаў Віктара Сазонава, Уладзіміра Хільмановіча і Рамана Юргеля на рашэнне гарвыканкама, якім не было дазволена правядзенне інфармацыйнага пікету 10 кастрычніка ў Сусветны дзень супраць смяротнага пакарання. Грамадзянскую справу па скарзе разглядала суддзя Вольга Шуманская ў прысутнасці пракурора Сеўрынай. Бок адказчыка прадстаўляў галоўны спецыяліст юрыдычнага аддзелу гарвыканкаму Сяргей Табулевіч. Нягледзячы на ўсе аргументы заяўнікаў, суддзя прадказальна ўзяла бок выканаўчай улады і не задаволіла скаргу праваабаронцаў.
Нагадаем, што гродзенскі гарвыканкам выявіў надзвычайную фантазію, заявіўшы ў сваім афіцыйным адказе ад 4 кастрычніка, што заяўнікі былі абавязаны паведаміць пісьмова, ці будзе масавае мерапрыемства праводзіцца з выкарыстаннем піратэхнічных вырабаў і адкрытага агню. Чыноўнікі таксама палічылі, што заяўнікі не змогуць “в должной мере соблюсти необходимые требования действующего законодательства Республики Беларусь по обеспечению безопасных условий проведения заявленного массового мероприятия и наведения порядка по его окончании”. На судовым працэсе стала зразумела, на чым грунтавалася такая выснова “вертыкальшчыкаў”. На ім было прадстаўлена пісьмовае пярэчанне на скаргу з боку адказнікаў. Паводле запытаў выканкамаўцаў у розныя службы (аддзел унутраных спраў Ленінскага раёну, Гарадзенскую гарадскую станцыю хуткай медычнай дапамогі, Гарадзенскую гарадскую жыллёва-камунальную службу) гарвыканкам вылічыў, што за абслугоўванне масавага мерапрыемства заяўнікі мусілі заплаціць ажно 23 мільёны 324 тысячы 200 беларускіх рублёў (!). Аднак, пра гэтыя разлікі і абсурдную суму паслугаў праваабаронцам да суда нічога не паведамілі.
На судовым працэсе таксама прагучала, што для аховы парадку падчас пікету міліцыі Ленінскага раёну патрэбна задзейнічаць ажно 31-го (!) ахоўніка правапарадку, прычым на 5 гадзін. Хоць час заяўленага пікету складаў усяго 2 гадзіны, а патэнцыйная колькасць удзельнікаў паводле заявы складала да 10 чалавек.
Віктар Сазонаў, Уладзімір Хільмановіч і Раман Юргель даводзілі, што парушаны іх канстытуцыйныя правы і міжнародныя абавязацельствы Рэспублікі Беларусь, што імі былі выкананыя ўсе фармальныя патрабаванні па заяўцы. Аднак суд фактычна адмовіўся прызнаць вяршэнства Канстытуцыі.
Віктар Сазонаў: “Адмова выканкаму і пасля выстаўленае ім пярэчанне пераканаўча паказваюць і даказваюць, што ў нас немажліва рэалізаваць свае канстытуцыйныя правы, што гэты чыноўніцкі бюракратызм дайшоў да мяжы абсалютнага абсурду. Такі цынізм прадстаўнікоў гарвыканкаму і іхняя антыбеларускасць – бо яны не даюць ужо нават адказу на мове заўянікаў, а іх юрыст супраць запісвання нашых сведчанняў у пратакол судовага працэсу па-беларуску – выразна кажуць пра сутнасць гэтай улады. Яна замест таго, каб дапамагаць грамадзянам у рэалізацыі іх правоў, настроена толькі на рэпрэсіўнасць”.
Раман Юргель: “Гарвыканкам сваім рашэннем і яго тлумачэннем у судзе выразна паказаў дыскрымінацыю грамадзянаў паводле палітычных матываў. Атрымаць дазвол на правядзенне масавага мерапрыемства ў нашым горадзе фактычна немагчыма, гэта яскрава пацвердзіў і гэты працэс. Чыноўнікі і суддзі ігнаруюць і Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь і міжнародныя пагадненні. У такой сітуацыі мы абавязкова будзем абскарджваць рашэнне гэтага суда і далей дамагацца справядлівасці ў міжнародных інстанцыях”