viasna on patreon

Бабруйск: Справу незалежнага прафсаюза пачалі з нуля

2013 2013-12-04T16:55:35+0300 2013-12-04T16:55:35+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/prafsajuzz.gif Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У бабруйскім судзе зноў разглядаецца справа аб выплаце прэмій за высокую культуру вытворчасці сябрам Свабоднага прафсаюза Беларускага завода ТДіА (трактарных дэталяў і агрэгатаў). Нагадаем, вясной бягучага года рабочыя ўбачылі на стэндзе аб’яву, у якой паведамлялася, што іх цэх №2 адзначаны за высокую культуру вытворчасці прэміямі ад 200 да 300 тысяч рублёў. Але калі яны атрымалі на рукі разліковыя, аказалася, што ў лік прэміраваных не ўвайшлі сябры СПБ.

І лідэр завадской пярвічкі Міхаіл Кавалькоў, і дэпрэміраваныя сябры незалежнага прафсаюза лічаць, што гэта дыскрымінацыя, спроба раздзяліць рабочых на “правільных” і “няправільных”. Яны кажуць, што для іх не столькі важна атрымаць гэтыя 300 тысяч, колькі адстаяць свой гонар.

Рабочыя звярнуліся ў суд, але суддзя Тамара Карпоўская не задаволіла пазоў сябраў СПБ. Пасля чаго Міхаіл Кавалькоў падрыхтаваў скаргу ў абласны суд, які адправіў справу на перагляд. Падчас разбіральніцтваў у магілёўскім абласным судзе юрысконсульт ТДіА Генадзь Дзеравянка заявіў, што згубіў у маршрутцы журнал рэгістрацыі заяў, важны дакумент у гэтай справе.

3 снежня справа зноў разглядаецца ў бабруйскім судзе. З нуля, як адзначыла суддзя Ганна Германава.

На пасяджэнне прыйшлі Міхаіл Кавалькоў і дэпрэміраваныя сябры СПБ, з боку адміністрацыі – начальнік юрыдычнага аддзела Андрэй Валатковіч, юрысконсульт Генадзь Дзеравянка і начальнік упраўлення бяспекі Міхаіл Каралёў.

Ужо на пачатку судовага пасяджэння Андрэй Валатковіч заявіў, што гэты судовы працэс мусіць быць прыпынены, бо прадстаўнікі адміністрацыі падалі скаргу на рашэнне аблсуда. Ганна Германовіч адхіліла хадатайніцтва, яна патлумачыла, што не атрымала з абласнога суда ніякіх папер на гэты конт.

Суддзя зачытвае дакумент з дэталямі справы і агучвае патрабаванні рабочых ТДіА – выплата прэмій у 300 тысяч кожнаму. Таксама яна прапаноўвае бакам вырашыць справу мірным шляхам. Міхаіл Кавалькоў на гэтым судзе прадстаўляць інтарэсы рабочых не можа, бо даверанасць, якая была далучана да матэрыялаў справы на мінулых працэсах, на гэтым ужо не дзейнічае.

Андрэй Валатковіч кажа, што адміністрацыя завода згодная выплаціць прэміі, але толькі тым, хто не парушаў унутраны рэжым, тэхніку бяспекі. Ён сцвярджае, што сярод пазоўнікаў ёсць такія парушальнікі, але ёсць і тыя “хто чамусьці не патрапіў у лік прэміраваных”.

Паколькі справа ідзе наноў, на пасяджэнні ўздымаюцца пытанні, якія ўжо гучалі на папярэднім судзе, які вяла Тамара Карпоўская. Рабочыя па-ранейшаму сцвярджаюць, што майстры і начальнік цэха тлумачылі неналічэнне прэмій іх сяброўствам у незалежным прафсаюзе. Таксама яны заяўляюць, што выконваюць сваю працу добрасумленна, і вартыя прэмій.

-Мы дасюль не ведаем, хто нас пакараў, бо калі пачалі пытацца, начальнік цэха казаў на ідэолага, той на начальніка цэха, і усё па колу, - кажа рабочы Мікалай Жыбуль. – А хацелася б паглядзець чалавеку, які пазбавіў нас прэмій, у вочы. Я 30 гадоў працую на ТДіА у самым брудным цаху, і не заслужыў такога прыніжэння.

-Нам сказалі, што камісія КПС (па працоўных спрэчках) неправамоцная, усе тэрміны выйшлі, ідэолаг Елісеенка параіў звяртацца ў суд, мы так і зрабілі, - заявіў Аляксандр Варанкін, сябра СПБ.

Завадскі юрыст Андрэй Валатковіч сцвярджае, што да аб’яў, развешаных на заводзе, і ў тым ліку на прахадной, перад вачамі ахоўнікаў, адміністрацыя не мае ніякага дачынення. Аб’явы правіселі на стэндах і дошках каля дзесяці дзён.

-Гэта ні пра што не сведчыць, што там падпісана “адміністрацыя”. Можа быць, гэта Кавалькоў павесіў аб’явы. Я асабіста іх і ў вочы не бачыў, - кажа Валатковіч. – І мы лічым, што на прадпрыемтве ёсць КПС, бо заявы разглядаюцца, камісія функцыянуе. Пасяджэнне па справе прэмій не адбылося па віне сябраў СПБ, бо яны забралі свае заявы на наступны ж дзень.

Пры гэтым юрыст не можа палумачыць суддзі, дзе прапісана працэдура стварэння КПС на заводзе, і кажа, што за яе стварэнне адказваюць супрацоўнікі канцылярыі і ідэолаг Уладзімір Елісеенка.

Суддзя прапаноўвае выклікаць больш сведак, майстроў і начальнікаў цахоў, галоўнага ідэолага. Наступнае пасяджэнне абдудзецца 12 снежня.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства