Салідарнасць няволі: Бахрэйн - Беларусь
Набіл Раджаб, кіраўнік Бахрэйнскага Цэнтра правоў чалавека і намеснік Генеральнага сакратара Міжнароднай Федэрацыі за правы чалавека(FIDH), які знаходзіцца ў зняволенні ў Бахрэйне,перадае свайму беларускаму калегу па Міжнародным праўленні FIDH, палітвязню Алесю Бяляцкаму словы салідарнасці.
2 снежня, у дзень, калі суд адхіліў яго просьбу аб датэрміновым вызваленні (на якое ён мае права ў рамках нацыянальнага заканадаўства, боадбыў больш за тры чвэрці тэрміну), Набіл змог патэлефанаваць з бахрэйнскай турмы "Сківіцы" ў Міжнародны сакратарыят FIDH і перадаць, што ён вельмі перажывае за лёс Алеся. Першае, што, па словах Набіла, яму хацелася б зрабіць, калі ён будзе на свабодзе, - сустрэцца з сям'ёй і калегамі Алеся, паколькі "іх праблемы - мае праблемы".
Гэтыя словы Набіл Раджаб перадаў супрацоўніцы парыжскага бюро FIDH Сашы Кулаевай. У кароткай тэлефоннай размове ён спытаў пра здароўе і ўмовы ўтрымання Алеся Бяляцкага, распытаў пра сям'ю і калегаў з Праваабарончага цэнтра "Вясна", і перадаў ім усім словы падтрымкі.
Як падкрэслівае Саша Кулаева, Набіл Раджаб з першых дзён зняволення Алеся Бяляцкага вельмі актыўна выступаў у абарону віцэ-прэзідэнтаFIDH і кіраўніка "Вясны". У яго офісе з арышту Бяляцкага вісела майка з выявай Алеся і надпісам «Freedom for Ales Bialiatski».
Жонка набіла Сумая Раджаб перадала ў ПЦ "Вясна" здымак офіса Набіла ў Бахрэйнскім Цэнтры правоў чалавека.
Нагадаем, ПЦ "Вясна", таксама як і іншыя праваабарончыя арганізацыі, правёў акцыю падтрымкі бахрэйнскага калегі, а нядаўна далучыўся ў сацыяльных сетках да акцыі з патрабаваннем да ўладаў Бахрэйна вызваліць палітвязня ў адпаведнасці з заканадаўствам яго краіны.