viasna on patreon

Чыноўнікі ігнаруюць беларускую мову

2013 2013-12-03T21:30:52+0300 2013-12-03T21:30:52+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bel-mova-u.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

На беларускамоўную скаргу з нагоды размяшчэння кіроўцамі расейскіх сцяжкоў на лабавым шкле аўтобусаў намеснік генеральнага дырэктара “Магілёўаблаўтатранс” Скварцоў адказаў па-руску.

Распавядае намеснік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў:

“Я заўважыў, што ў горадзе шмат дзяржаўны аўтобусаў ездзіць з расійскімі сцяжкамі на лабавым шкле і напісаў скаргу ў “Магілёўаблаўтатранс”. Напісаў па-беларуску. Прыйшоў адказ, паводле якога ўсім вадзіцелям як аўтобусаў, так і грузавых аўтамабіляў загадана прыбраць гэтыя сцяжкі, а тыя, хто не выканае распараджэнне, будуць прыцягнуты да адказнасці. Аднак, чамусці адказалі мне на рускай мове”.

Правааабаронца Барыс Бухель адзначае, што ў дадзеным выпадку адбылося парушэнне ч.1 арт.18 закона “Аб звароце грамадзян і юрыдычных асоб”.

“У законе сказана, што пісьмовыя адказы на пісьмовыя звароты даюцца на мове звароту. Калі не так, то гэта ёсць парушэнне заканадаўства. Таксама парушаны закон “Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь”, дзе паводле арт.4 кіраўнікі, іншыя работнікі дзяржаўных органаў і іншых арганізацый павінны валодаць беларускай і рускай мовай у аб’ёме, дастатковым для выканання сваіх службовых абавязкаў. А ў ч.3 арт.5 пазначана, што адказ на зварот афармляецца на мове звароту. Калі ж чыноўнік, які даваў адказ, не валодае беларускай мовай, то гэта азначае, што ён не выконвае свае службовыя абавязкі. Калі ж ён прынцыпова адмаўляецца выкарыстоўваць беларускую мову, то гэта праява дыскрымінацыі”, - кажа Барыс Бухель.

Ігар Барысаў адзначае, што мае намер абскардзіць парушэнні заканадаўства, якія былі дапушчаны “Магілёўаблаўтатрансам” пры выкладанні пісьмовага адказу, у вышэйстаячыя дзяржаўныя органы і пракуратуру. Калі ж адказы з гэтых арганізацый не задаволяць сацыял-дэмакратата, то ён мае намер звярнуцца ў суд.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства