Юрыст Павел Сапелка вітаў нямецкіх адвакатаў на форуме па правах чалавека ў Берліне
Нямецкая асацыяцыя адвакатаў (DAV) 29 лістапада правяла ў Берліне форум па правах чалавека. Сярод запрошаных на гэтае аўтарытэтнае ў асяродку нямецкіх юрыстаў мерапрыемства, быў і прадстаўнік з Беларусі, юрыст і адвакат Павел Сапелка.
З прывітальнымі словамі перад удзельнікамі форуму выступілі прэзідэнт DAV Вольфган Эвер, дырэктар Нямецкага інстытута па правах чалавека Беата Рудольф і Павел Сапелка.
Павел Сапелка, у прыватнасці, адзначыў: “У 2012 годзе я быў бязмерна крануты ініцыятывай еўрапейскіх калегаў - Савета адвакацкіх аб'яднанняў і юрыдычных таварыстваў Еўропы, якія ўручылі мне прэмію "За абарону правоў чалавека". Я ўбачыў у гэтым не толькі прызнанне маіх заслуг, але і сімвалічную акцыю ў абарону і падтрымку юрыстаў у краінах, дзе юрыдычная прафесія не атрымала належнай абароны і гарантый з боку дзяржавы.
Адвакаты - гэта прафесійныя праваабаронцы, яны ўвесь час ўступаюць у абарону інтарэсаў тых, хто давярае ім свае інтарэсы, свой лёс, часам і жыццё. Нярэдка выкананне сваіх прафесійных абавязкаў становіцца барацьбой, супрацьстаяннем з несправядлівасцю і ціскам…
Нашы калегі здзяйснялі вялікія справы і атрымлівалі вышэйшыя сведчанні сваіх прафесійных і чалавечых вартасцяў - ўзнагароджваліся Нобелеўскай прэміяй міру. Адным з першых лаўрэатам стаў Альбер Гоба за намаганні ў стварэнні міжнароднага арбітражу. Мы памятаем Тобіяса Ассера і Анры Лафантэна. Мы ганарымся спадарыняй Шырын Эбадзі, якую назвалі «цудоўным прафесіяналам і смелым чалавекам, якая ніколі не баялася пагрозаў свайму ўласнаму жыццю»…
На жаль, у маёй краіне да гэтага часу адвакаты пазбаўленыя шматлікіх прафесійных правоў і свабод, татальна кантралююцца дзяржаўнымі органамі і знаходзяцца пад пагрозай пазбаўлення права на прафесію за выступы ў абарону палітычных праціўнікаў рэжыму, а то і проста за адкрытае карыстанне сваімі грамадзянскімі правамі. Гэтая несвабода не можа не паўплываць на якасць адвакацкай працы, калі адвакат вымушаны лічыцца з пазіцыяй і воляй дзяржавы. Гэтая сітуацыя не можа не выклікаць крытыку, грэблівае стаўленне да прафесіі і выніках працы адваката ў грамадстве.
Мы, адвакаты, павінны памятаць сваё прызначэнне і прынцыпова адстойваць сапраўднае разуменне свабоды і незалежнасці юрыдычнай прафесіі, не паступаючыся сваімі перакананнямі і інтарэсамі кліентаў. Тады адвакат будзе карыстацца сапраўднай папулярнасцю, а прафесія і яе прадстаўнікі будуць па -сапраўднаму паважаны ў нашых краінах”.
Нямецкая асацыяцыя адвакатаў (DAV) была заснаваная ў жніўні 1871 года па ініцыятыве прускай і баварскай калегій адвакатаў. Зараз DAV складаецца з 29 рабочых груп у Германіі. Яны ўдзельнічаюць у шматлікіх мерапрыемствах і прапануюць цікавыя магчымасці ўзаемнага абмену паслугаў па адпаведнай галіне права.