viasna on patreon

Бабруйск: Лёс сканфіскаванай у блогера тэхнікі дасюль невядомы

2013 2013-11-30T11:17:04+0300 2013-11-30T11:17:04+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/babr-zalnou-peratrus-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

З таго часу, як у кватэры блогера Алега Жалнова прайшоў ператрус, прайшло больш за месяц. Нагадаем, падставай для канфіскацыі тэхнікі стала заява супрацоўніка ДАІ Яўгена Сераштанава, які прасіў распачаць супраць блогера крымінальную справу за абразу яго гонару і годнасці. Жалноў дагэтуль не ведае, што адбываецца з яго вінчэсцерамі, мадэмам, тэлефонамі.

-Супрацоўнік міліцыі Дзяніс Ракоўскі, які праводзіў ператрус, пазбягае са мной сустрэч. Таму я не ведаю, ці прайшла тэхніка экспертызу, што з ёй адбываецца, - распавядае Алег Жалноў. – Калі я тэлефаную на яго працоўны нумар, мне кожны раз кажуць, што ён у камандзіроўцы, ці проста не здымаецца слухаўка. Аднойчы я прыйшоў да яго сам, так ён выштурхнуў мяне з кабінету. Збіраюся ўнесці хадатайніцтва, каб мне дазволілі прысутнічаць на правядзенні экспертызы.

Алег Жалноў даволі часта судзіцца з супрацоўнікамі ДАІ. 1 лістапада скончыўся суд, на якім блогера пакаралі штрафам за непадпарадкаванне патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі. Пасля гэтага суда ў бабруйчаніна прайшла яшчэ адна адміністрацыйная справа, якую разглядала суддзя Наталля Шэгеда. Гэта справа тычылася таго ж выпадку ля будынка ДАІ, толькі на гэты раз працэс распачалі самі “даішнікі”, якія абвінавачвалі Жалнова ў “неабгрунтаванай перашкодзе руху аўтамабіля”.

-На гэты працэс я нават не патрапіў, бо супрацоўнік ДАІ Яўген Сераштанаў запрасіў мяне на пасяджэнне па тэлефоне, што я лічу парушэннем закона. У выніку – я прыцягнуты да адказнасці па артыкулу 18.23 КААП “Парушэнне правілаў дарожнага руху пешаходам і іншымі ўдзельнікамі дарожнага руху”. І гэта пры тым, што мяне нават не апыталі па гэтай справе. Манеру Сераштанава выклікаць па тэлефоне суддзя таксама палічыла законнай. Пратакол, складзены ім жа, стаў вырашальным у гэтай справе. І гэта лагічна. Бо калі б Наталля Шэгеда прыняла рашэнне на маю карысць, гэта супярэчыла б рашэнню папярэдняга суда, які вяла Наталля Чарапуха. Дарэчы, тая ж Чарапуха скарысталася пратаколам, які сведчыў пра парушэнне мной дарожнага руху, але гэты факт не быў у той момант даказаны судом. Бо гэта якраз разглядала Шэгеда на днях. Такім чынам, парушэнняў, на мой погляд, зашмат.

Алег Жалноў будзе абскарджваць рашэнні двух бабруйскіх суддзяў ў абласным судзе. Бліжэйшае пасяджэнне прызначана на 5 снежня.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства