Касацыйную скаргу Уладзіміра Лабковіча пакінулі без задавальнення
Касацыйная скарга сябра Рады ПЦ “Вясна” Уладзіміра Лабковіча на пастанову суду Савецкага раёна Менска ад 8 кастрычніка, згодна з якой праваабаронца быў пакараны штрафам у памеры 3 мільёны 900 тысяч рублёў, разгледжаная ў Менскім гарадскім судзе 19 лістапада. Разгляд скаргі адбыўся без удзелу Ул. Лабковіча, паколькі ліст аб прызначэнні даты разгляду ён атрымаў толькі 23 лістапада.
Праваабаронцаў Уладзіміра Лабковіча і Таццяну Рэвяка затрымалі 5 жніўня каля сталічнага ЦУМу, дзе яны раздавалі паштоўкі з нагоды другой гадавіны арышту старшыні ПЦ "Вясна" Алеся Бяляцкага. 6-га жніўня рашэннем суда Савецкага раёну праваабаронцаў прыцягнулі да адміністратыўнай адказнасці - за парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства - і пакаралі штрафам - 3 млн. рублёў кожнага.
Уладзімір Лабковіч абскардзіў у Мінскім гарадскім судзе пастанову пра штраф ад 6 жніўня, вынесеную на падставе часткі 1 артыкула 23.34 КаАП (“парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства”) суддзёй Савецкага раёна Дзмітрыем Паўлючэнкам. Касацыйная інстанцыя пастанавіла скасаваць гэтую пастанову, накіраваўшы справу ў суд Савецкага раёна на перагляд да новага суддзі.
Ажно з чацвертай спробы 8 кастрычніка суддзя Эдуард Якубоўскі, дапытаўшы ў якасці сведкі супрацоўніка міліцыі Смаляка, прыняў па сутнасці рашэнне ранейшага суду, і пакараў праваабаронцу штрафам у памеры 30 базавых велічынь, або 3 мільёны 900 тысяч рублёў.
У сваёй скарзе ў Менскі гарадскі суд Ул. Лабковіч узняў пытанне аб адмене пастановы суда, паколькі лічыць, што неабгрунтавана быў прыцягнуты да адміністратыўнай адказнасці, паколькі ажыццяўляў рэалізацыю права, гарантаванага Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і міжнародным нормам. Праваабаронца лічыць неабгрунтаваным прымяненне Закона “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь”, паколькі яго палажэнні супярэчаць нормам Канстытуцыі і міжнародным стандартам у галіне правоў чалавека.
Акарамя гэтага Уладзімір Лабковіч паведамляе ў Мінгарсуд, што на момант падачы касацыйнай скаргі яму нават невядома, што паслужыла для суда падставай прызнаць яго вінаватым у адміністрацыйным правапарушэнні: «У самім працэсе суддзя суда Савецкага раёна г.Мінска Эдуард Якубоўскі, які старшыняваў у судовым пасяджэнні, азнаёміў мяне толькі з выніковай часткай пастановы, бо ў сувязі з адсутнасцю электрычнасці ў будынку суда на момант разгляду маёй скаргі, не мог, з яго слоў, вырабіць поўны тэкст пастановы".
Суддзя Менскага гарадскога суда Аляксей Бычко ў судовым разглядзе падстаў для адмены ранейшагасудовага рашэння не ўгледзеў, таму пастанову суддзі суду Савецкага раёна Менска ад 8 кастрычніка у дачыненні да Уладзміра Лабковіча пакінуў без зменаў, а ягоную скаргу без задавальнення.
У бліжэйшы час Уладзімір Лабковіч плануе абскардзіць рашэнне Менгарсуда ў нагляднай інстанцыі.
Чытайце па тэме:
Закон – не для суддзяў?
Перагляд справы Уладзіміра Лабковіча прызначаны на 18 верасня
Суд перанёс перагляд справы Уладзіміра Лабковіча
Супрацоўнік міліцыі не жадае сведчыць па справе Уладзіміра Лабковіча
Суд па справе Лабковіча сёння таксама не адбыўся
Праваабаронцу Уладзіміра Лабковіча пакаралі штрафам. З чацвертай спробы
Уладзімір Лабковіч настойвае на пакаранні суддзі