Прадпрымальніка з Менска Вячаслава Піліпука суд апраўдаў па адным з адміністрацыйных пратаколаў
Пры новым разглядзе адміністрацыйнай справы Вячаслава Піліпука ў судзе Першамайскага раёна 26 лістапада, сталічны прадпрымальнік быў часткова апраўданы.
Прадпрымальнік выступаў супраць высечкі дрэваў пад будаўніцтва аўтацэнтра AudiAG ва Уруччы. 1 жніўня ён быў затрыманы каля будынка адміністрацыі Першамайскага раёна, куды яго не прапусцілі на ініцыяваны кіраўніцтвам адміністрацыі сход па пытанні будаўніцтва аўтацэнтра Audi AG у зялёнай зоне ў сталічным мікрараёне Уручча і склалі пратакол па арт 23.34 (удзел у несанкцыянаваным пікетаванні). 5 жніўня Піліпук быў затрыманы ў другі раз пасля сходу жыхароў мікрараёна каля гарнізоннага Дома афіцэраў на вуліцы Герояў 120-й дывізіі.
1 кастрычніка суддзя суду Першамайскага раёна Сяргей Бандарэнка, разгледзеўшы адміністратыўную справу ў адсутнасць Вячаслава Піліпука, на падставе ч. 1 арт. 23.34 КаАП прызнаў яго вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваных мітынгу і пікетаванні (двойчы – 1-га і 5-га жніўня) ды пакараў штрафам у памеры 2 мільёнаў 600 тысяч рублёў.
Не пагадзіўшыся з такім рашэннем Вячаслаў Піліпук з дапамогай Праваабарончага цэнтра “Вясна”, абскардзіў гэтае рашэнне ў Менгарсудзе. Разгледзеўшы скаргу прадпрымальніка, суддзя Мінскага гарадскога суда Бычко А.В. пагадзіўся з тым, што судом Першамайскага раёна не былі прынятыя неабходныя меры па апавяшчэнні Вячаслава Піліпука пра разгляд адміністратыўнай справы. Пры наяўнасці такіх абставінаў Мінскі гарадскі суд палічыў, што пастанову суддзі суда Першамайскага раёна ад 1 кастрычніка 2013 года ў дачыненні да Вячаслава Піліпука нельга прызнаць законнай і яна падлягае адмене, а справу накіраваў на новы разгляд да іншага суддзі.
26 лістапада суддзя суду Першамайскага раёна Леанід Ермоленкаў, улічыўшы ўсе акалічнасці справы, прызнаў даказаным толькі адзін факт здяйснення правапарушэння прадпрымальнікам ды вынес рашэнне аб накладанні штрафу ў памеры 5 базавых велічынь, альбо 650 тысяч рублёў.