Найноўшая гісторыя Беларусі: вытокі гістарычнай памяці
Грамадскае аб’яднанне “Дыярыуш” сумесна з грамадскім электронным архівам “Вытокі” правялі 26 лістапада круглы стол на тэму “Дакументы найноўшай гісторыі, як сродак фармавання дэмакратычных і нацыянальных каштоўнасцяў у свядомасці беларусаў. Роля сучасных сродкаў захаваня інфармацыі і камунікацыі”.
Напачатку мерапрыемства кiраўнiк грамадскага аб'яднання "Дыярыуш" Вацлаў Арэшка правёў інтэрактыўную прэзентацыю сайта vytoki.net, азнаёміў з ягонымі асноўнымі раздзеламі і заклікаў да супрацоўніцтва грамадскіх дзеячоў, гісторыкаў і ўсх тых, хто валодае дакументамі, фотаматэрыяламі, якія маюць дачыненне да найноўшай гісторыі Беларусі.
На сённяшні дзень, на сайце змешчана каля 8000 архіўных адзінак і штодзень гэтая ўнікальная база папаўняецца.
Паколькі ў Беларусі працягваецца працэс вымывання гістарычнай праўды са школьных падручнікаў, то лагічна, - павінна ўзрастаць і значэнне электронных архіваў і бібліятэк як дакументальных крыніц для даследвання гісторыі Беларусі. Больш таго, гэтая інфармацыя павінная быць даступная і даследчыкам, і навучэнцам сярэдніх школ. Таму ў дыскусіях удзельнікі круглага стала спрабавалі адшукаць адказ на пытанні: як эфэктыўна можна працаваць з беларускімі настаўнікамі? Якія формы супрацоўніцтва найбольш эфектыўныя пры падрыхтоўцы для іх мультымэдыйных дапаможнікаў? Паўстала таксама пытанне стварэння альтэрнатыўных падручнікаў па найноўшай гісторыі Беларусі.
Вольга Цадко прэзентавала Беларускі архіў вуснай гісторыі - грамадскі электронны архіў, які ахоплівае больш працяглы час і змяшчае жывыя сведчанні ўдзельнікаў гістрычных падзей.
Аб праблемах атрымання і выкарыстання архіўных дакументаў у дзяржаўных установах распавядаў кандыдат гістарычных навук Ігар Кузняцоў: “Парадокс: нават у Туркменістане і Таджыкістане дзяржаўныя архівы больш адкрытыя для простых людзей, чым у Беларусі. Мне кажуць – ідзіце ў Нацыянальны архіў, працуйце, пішыце праўдзівую гісторыю Беларусі, аднак і там большасць дакументаў паспелі сфальшаваць. Там парэшткі дакументаў, шмат іх схавана і з такой “мазаікі” сапраўдную гістарычную карціну не збярэш”.
Спадзявацца на архівы КДБ таксама не варта, паколькі дакументы, якія там захоўваюцца, неаднаразова праходзілі цэнзуру, а некаторыя ад пачатку былі сфальсіфікаваныя. Ігар Кузняцоў у падцверджанне сваіх слоў прадэманстраваў шэраг такіх дакументаў.
Сярод удзельнікаў круглага стала быў распаўсюджаны адмысловы Зварот да дэмакратычнай грамадскасці Беларусі.
Сёння, як і ў савецкія часы працягваецца фальшаванне гістарычнай праўды і маніпуляванне гісторыяй у інтарэсах кіруючага рэжыму. Праз праўладныя СМІ, афіцыйных “публіцыстаў” і “гісторыкаў” ствараецца несапраўдны малюнак грамадскага і палітычнага жыцця ў апошнія дзесяцігоддзі. Большасць матэрыялаў па найноўшай гісторыі нашай краіны, якія маюць дачыненне да грамадзянскай супольнасці і палітычнай апазіцыі не захоўваюцца ці не даступныя для даследчыкаў.
Беларусь можа ізноў апынуцца без уласнай гісторыі, бездапаможнаю перад рознымі маніпулятарамі мінуўшчыны і будучыні.
Мы ўпэўненыя, што захаванне дакументальнай спадчыны найноўшай гісторыі, найперш спадчыны дэмакратычных рухаў, грамадзянскай супольнасці, палітычных арганізацый, надзвычай важнае для фармавання аб’ектыўнага погляду на сучасную гісторыю Беларусі, для стварэння праўдзівых нацыянальных гістарычных канцэпцый і для выхавання ўсіх пакаленняў беларускага грамадства. Таксама застаецца важным і захаванне дакументальнай спадчыны папярэдніх, савецкіх, часоў. Гэта датычыцца не толькі рэпрэсій ці супраціву, але і іншых аспектаў функцыянавання грамадства.
Таму мы звяртаемся да ўсіх дэмакратычных грамадскіх і палітычных арганізацый Беларусі, да актывістаў, краязнаўцаў і аматараў гісторыі з заклікам збіраць і захоўваць дакументы найноўшай гісторыі. Але захаваць дакументы – толькі першы крок.
Чым больш такіх сведчанняў гісторыі будзе адкрытымі для грамадства і навукоўцаў, тым менш шанцаў застанецца для фальсіфікатараў гісторыі. Гэтыя матэрыялы стануць даступнымі праз сайты і публікацыі тых, хто мэтанакіравана займаецца захаваннем нашай гістарычнай спадчыны.
Дапамагайце такім інстытуцыям і ініцыятывам, перадавайце для публікацыі матэрыялы ці іх копіі, падтрымлівайце даследванні, дзяліцеся ведамі і ўспамінамі. Захаваная памяць пра мінулае вернецца лепшай будучыняй.
Беларусы! Захавайма нашу гістарычную памяць!