viasna on patreon

Алесь Бяляцкі: два гады палітычнаму прысуду

2013 2013-11-25T11:13:02+0300 2013-11-26T09:31:22+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bialiacki-10.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Бяляцкі. Фота Юліі Дарашкевіч

Алесь Бяляцкі. Фота Юліі Дарашкевіч

Два гады таму – 24 лістапада 2011 года судом Першамайскага р-на г. Мінска  быў вынесены  прысуд кіраўніку Праваабарончага цэнтра "Вясна", віцэ-прэзідэнту Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека Алесю Бяляцкаму.  Паводле вынесенага прысуду Алесь Бяляцкі быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынства паводле ч. 2 арт. 243 КК Рэспублікі Беларусь (ўхіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры) і быў пакараны  пазбаўленнем волі ва ўмовах строгага рэжыму тэрмінам на 4,5 гады з канфіскацыяй маёмасці.

Праваабарончы цэнтр “Вясна”, а таксама вядучыя міжнародныя праваабрончыя арганізацыі, ацанілі дадзены прысуд, як палітычна матываваны, скіраваны на спыненне легітымнай шматгадовай праваабарончай дзейнасці Алеся Бяляцкага і Праваабарончага цэнтра “Вясна” ў цэлым.

Вынесены прысуд супярэчыць не толькі міжнародным абавязацельствам Беларусі ў галіне абароны правоў чалавека, але і дзеючаму нацыянальнаму заканадаўству.

Так, згодна з арт.22 Закона  Рэспублікі Беларусь ад 21.12.1991 года «Аб падаходным падатку з фізічных асоб» i аналагічным арт.178 Падатковага  Кодэкса РБ абавязак падаваць падатковую дэкларацыю, паказваць у ёй пэўныя даходы, плаціць з іх падаходны падатак узнікае толькі ў тым выпадку, калі плацельшчык атрымаў даходы, што падлягаюць падаткаабкладанню. Гэта значыць, даходы, якiя не падлягаюць падаткаабкладанню, не дэкларуюцца, і з іх не выплачваецца падаходны падатак.

Згодна з падпунктам 2.19 арт.153 Кодэкса Рэспублікі Беларусь і падпункта 2.19 пункта 2 арт.2 Закона аб'ектам падаткаабкладання не прызнаюцца даходы, атрыманыя ў грашовай форме фізічнай асобай ад іншай асобы для выканання яго даручэння па ажыццяўленні якіх-небудзь разлікаў, аплаты на яго карысць або на карысць трэціх асоб за тавары (работы, паслугі) альбо па перадачы трэцім асобам атрыманых сродкаў і выканання абавязальніцтваў.

Гэта азначае, што калі грамадзянін атрымлівае ад нейкай замежнай арганізацыі грашовыя сродкі для выканання даручэння гэтай арганізацыі па ажыццяўленні разлікаў, аплаты за штосці, перадачы трэцім асобам ці выканання нейкіх абавязальніцтваў, то такія грашовыя сродкі не прызнаюцца аб'ектам падаткаабкладання. А значыць, абавязак дэклараваць такiя даходы і выплачваць падатак адсутнічае.

Адпаведная  ацэнка  крымінальнай справы А. Бяляцкага была дадзеная і на міжнародным узроўні. У Меркаваннях Працоўнай групы па адвольных затрыманнях ААН, дасланых ўраду Беларусі, утрымлівалася рашэнне аб тым, што “пазбаўленне волі сп. Аляксандра Віктаравіча Бяляцкага з'яўляецца адвольным, паколькі яно супярэчыць артыкулу 20, пункту 1 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і артыкулу 22 МПГПП. Затрыманне падпадае пад катэгорыю II сярод катэгорыяў, якія ўжываюцца пры разглядзе справаў, перададзеных на разгляд Працоўнай групы,

З улікам гэтага Меркавання, Працоўная група просіць урад прыняць неабходныя захады для выпраўлення становішча сп. Бяляцкага і прывесці яго ў адпаведнасць з нормамі і прынцыпамі, выкладзенымі ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і МПГПП.

Працоўная група падкрэслівае, што адэкватнымі сродкамі прававой абароны з’яўляецца вызваленне сп. Бяляцкага і наданне яму законнага права на кампенсацыю ў адпаведнасці з артыкулам 9, пунктам 5 МПГПП”.

Напачатку лістапада палітвязень Алесь Бяляцкі адбыў палову тэрміну пакарання, якое ён адбывае ў папраўчай калоніі №2 Бабруйска і, лагічна, што ў дачыненні да яго маглі быць выкарыстаныя розныя метады датэрміновага вызвалення. Аднак гэтага не адбылося, паколькі рэгулярна, нават за самыя нязначныя парушэнні рэжыму адбыцця пакарання, на праваабаронцу накладаюцца новыя спагнанні.

 Ад самага першага дня затрымання Бяляцкага  ў многіх краінах свету і ў Беларусі праходзяць акцыі салідарнасці і з палітзняволеным кіраўніком Праваабарончага цэнтра “Вясна”, ён атрымлівае тысячы лістоў падтрымкі з самых розных куткоў планеты. Міжнародныя арганізацыі і сусветна вядомыя палітыкі заклікаюць беларускія ўлады спыніць крымінальны пераслед Алеся Бяляцкага. За час знаходжання за кратамі Алесь бяляцкі быў уганараваны Прэміяй імя Вацлава Гавела, нямецкай прэміяй  імя Петры Келі, прэміяй свабоды дацкай газеты “Politiken”, двойчы намінаваўся на Нобелеўскую прэмію міра.

Нават за кратамі ў Бабруйскай папраўчай калоніі №2 Алесь Бяляцкі не спыняе, наколькі гэта магчыма, сваёй дзейнасці. Ён выдаў кнігу літаратуразнаўчых артыкулаў “ Асьвечаныя Беларушчынай”.  Неўзабаве ўбачаць свет яшчэ дзве новыя кнігі праваабарончых эсэ зняволенага праваабаронцы.

Калегі і сябры Алеся Бяляцкага годна выконваюць ягоны лаканічны запавет “Трымайце "Вясну!”

Апошняе слова Алеся Бяляцкага на судзе 23 лістапада 2011 года (паводле дыктафоннага запісу)

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства