Гродна: суд па скарзе аб забароне пікета прызначаны на 4 снежня
21 лістапада ў судзе Ленінскага раёна Гародні прайшлі папярэднія слуханні па скарзе праваабаронцаў Віктар Сазонава, Уладзіміра Хільмановіча і Рамана Юргеля на рашэнне Гарадзенскага гарадскога выканкаму аб забароне пікета 10 кастрычніка. Рашэнне Гарадзенскага гарвыканкаму ад 4 кастрычніка падпісала намесніца старшыні мясцовай “вертыкалі” Алена Агей. У Сусветны дзень змагання супраць смяротнага пакарання праваабаронцы хацелі праінфармаваць насельніцтва пра сітуацыю з дадзеным відам пакарання ў свеце і Беларусі з патрабаваць адмены смяротнага пакарання ў краіне. Гарвыканкам, на думку заяўнікаў, парушыў іх канстытуцыйныя правы, прычым выставіў абсурдныя прычыны адмовы. Так, чыноўнікі адной з прычынаў адмовы назвалі тое, што заяўнікі не ўказалі пісьмова, ці збіраюцца яны выкарыстоўваць у час пікету піратэхнічныя і выбуховыя сродкі.
Слуханні ў прысутнасці адказніка – прадстаўніка юрыдычнага аддзелу гарвыканкаму правяла суддзя Вольга Шуманская. Бакі выклалі свае асноўныя пазіцыі. Асноўны працэс грамадзянскай справы па разглядзе скаргі прызначаны на 4 снежня.