viasna on patreon

У Быхаўскім раёне ліквідуюць сельсаветы

2013 2013-11-15T13:41:19+0300 2013-11-15T13:41:19+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/byhauski.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

На 25-й пазачарговай сесіі Быхаўскага раённага Савета дэпутатаў, якая адбылася 11 лістапада, было разгледжана пытанне “Аб зменах у адміністрацыйна-тэрытарыяльным складзе Быхаўскага раёна”.

На сесіі дэпутаты райсавета вырашылі прасіць Магілёўскі абласны Савет дэпутатаў даць згоду ўнесці змены ў адміністрацыйна-тэрытарыяльны склад Быхаўскага раёна, скасаваўшы Баркалабаўскі, Грудзінаўскі і Ніжнеташчыцкі сельсаветы, а таксама змяніць межы Халстоўскага, Следзюкоўскага, Навабыхаўскага сельсаветаў, у склад якіх будуць уключаны населеныя пункты скасаваных сельсаветаў.

Як паведамляе інтэрнэт-сайт быхаўскай раённай газеты “Маяк Прыдняпроўя”, змены ў адміністрацыйна-тэрытарыяльным дзяленні Быхаўскага раёна “дазволяць стварыць цэльнасць тэрыторый сельскагаспадарчых арганізацый, якія знаходзяцца ў межах вышэйназваных сельсаветаў, што будзе спрыяць падвышэнню эфектыўнасці кіравання падведамаснай тэрыторыяй і своечасоваму вырашэнню пытанняў жыццязабеспячэння насельніцтва”.

Між тым, якраз гэта самае насельніцтва ліквідуемых сельсаветаў у абсалютнай большасці выказалась супраць іх ліквідацыі. На адрас Быхаўскага райвыканкама паступіла 6 калектыўных лістоў ад грамадзянаў Баркалабаўскага сельсавета, 3 калектыўныя лісты ад грамадзян Грудзінаўскага сельсавета і тры калектыўныя лісты ад грамадзян Ніжнеташчыцкага сельсавета.

Грамадзяне, прыняўшыя ўдзел у абмеркаванні  пытання аб адміністрацыйна-тэрытарыяльных зменах, выказалі меркаванне аб тым, што скасаванне вышэй указаных сельсаветаў створыць пэўныя цяжкасці ў пытаннях жыццязабеспячэння насельніцтва, а таксама пагоршыць парадак з выдачай даведак і неабходных дакументаў насельніцтву.

Аднак раённыя ўлады і народныя абраннікі да меркавання жыхароў ліквідуемых сельсаветаў прыслухацца не пажадалі. Адзінае, што яны здолелі паабяцаць людзям – гэта тое, што ў ліквідоўваемых сельсаветах застанецца адзінка спецыяліста, які будзе вырашаць пытанні жыццязабеспячэння насельніцтва “у межах сваёй кампетэнцыі”, а таксама тое, што будуць арганізоўвацца выязныя прыёмы грамадзян працаўнікамі аб’яднаных сельсаветаў.

Між тым, самі грамадзяне, пражываючыя ў ліквідуемых сельсаветах, абяцанням чыноўнікаў не вераць. На той жа сесіі райсавета старшыня ліквідуемага Ніжнеташчыцкага сельсавета прывяла прыклад, што толькі два населеных пункты гэтага сельсавета – Ніжняя Ташчыца і Віляхоўка – звязаны аўтобусным маршрутам з аграгарадком Новы Быхаў, а іншыя - не. Не зразумела, як састарэлыя вяскоўцы з іншых населеных пунктаў змогуць звяртацца да мясцовай улады ў выпадку неабходнасці.

Паказальна, што ліквідацыя трох сельсаветаў у Быхаўскім раёне адбываецца якраз напярэдадні выбараў дэпутатаў мясцовых Саветаў у нашай краіне.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства