viasna on patreon

Камітэт ААН прызнаў парушэнне правоў расстралянага Андрэя Жука

2013 2013-11-13T19:10:46+0300 2013-11-13T19:10:46+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zhuk_andrej.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Андрэй Жук расстраляны паводле смяротнага прысуду ў 2010 годзе

Андрэй Жук расстраляны паводле смяротнага прысуду ў 2010 годзе

Камітэт па правах чалавека ААН, разгледзеўшы індывідуальны зварот асуджанага да смяротнага пакарання і расстралянага ў сакавіку 2010 года Андрэя Жука, прызнаў парушэнне яго правоў з боку беларускай дзяржавы.

Як паведамляеправаабаронца Раман Кісляк, якіў межах кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” ад імя маці асуджанага рыхтаваў скаргу ў ААН, Камітэт па правах чалавека задаволіў усе яе пункты. А менавіта: парушэнне ў дачыненні да Андрэя Жука артыкула 6 Міжнароднага Пакта пра грамадзянскія і палітычныя правы - права на жыццё, артыкула 7 Пакта, які забараняе катаванні і бесчалавечнае абыходжанне, артыкула 9 Пакта - права на свабоду і асабістую недатыкальнасць, артыкула 14 Пакта - права на справядлівы суд і прэзумпцыя невінаватасці.  

Нагадаем, Андрэй Жук быў асуджаны да выключнай меры пакарання ў ліпені 2009 года. Яго маці Святлана Жук накіравала ў Камітэт індывідуальны зварот з просьбай зарэгістраваць яго ў неадкладным парадку. Камітэт прыняў зварот да разгляду, і Рэспубліка Беларусь атрымала ноту Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека аб рэгістрацыі гэтага звароту. Працэдура КПЧ прадугледжвае патрабаванне не прыводзіць у выкананне смяротныя прысуды, пакуль справа знаходзіцца на разглядзе. Тым не менш, смяротны прысуд быў прыведзены ў выкананне ў сакавіку 2010 года - да завяршэння працэдуры разгляду скаргі Камітэтам.

Справа Андрэя Жука – другая ў практыцы кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”, разгледжаная Камітэтам па правах чалавека. Першай была справа Уладзіслава Кавалёва (расстраляны разам з Дзмітрыем Канавалавым у 2012 годзе). На сённяшні дзень разгляду ў ААН чакаюць яшчэ чатыры звароты – па справах Васіля Юзэпчука (расстраляны ў 2010 годзе), Андрэя Бурдыкі і Алега Грышкаўцова (расстраляны ў 2011 годзе), а таксама Паўла Селюна, смяротны прысуд якому Вярхоўны суд пакінуў у сіле ў верасні гэтага года.   

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства