Радасьць за “Вясну” і горыч за краіну
Працяг лістоў зняволенага праваабаронцы Алеся Бяляцкага, напісаных ім у бабруйскай калоніі. З блогу на “Беларуском партизане”.Першыя лісты-успаміны з гэтай серыі былі напісаныя ў верасні 2012 года, апошнія – у чэрвені 2013:
У зьвязку з 15-мі ўгодкамі “Вясны” варта згадаць яшчэ пра адную падзею. Увесну 2011 года мне прыйшоў электронны ліст з ЗША, у якім нам паведамлялі, што Еўраатлантычны форум вырашыў узнагародзіць “Вясну” прызам за выдатную і ахвярную грамадскую і праваабарончую дзейнасьць. Гэтаксама як і “Вясна”, былі ўзнагароджаныя Беларуская асацыяцыя журналістаў, Свабодны тэатр і малдоўскі прэм’ер-міністр, а таксама польскі міністр замежных спраў, амерыканскі сенатар Джон Макейн і егіпецкая блогерка. Каго ўзнагароджвалі за працу на карысьць дэмакратыі ў цяжкіх умовах, а каго — за перамогу. Пасьля выбараў у Малдове камуністы былі адсунутыя ад улады, а прыйшлі ліберальныя дэмакраты.
У інтэрнэце я паглядзеў гісторыю форуму. Ён зьяўляўся шырокай пляцоўкаю для абмену думкамі паміж палітыкамі і грамадскімі дзеячамі ЗША і Еўропы, праходзіў раз на год. Першыя сустрэчы адбываліся ў ЗША. Леташні форум праходзіў у Польшчы, ва Уроцлаве. Сёлетні меркавалася правесьці тамсама. Планаваўся ўдзел сотняў запрошаных гасьцей, высокіх чыноўнікаў, экс-прэзідэнтаў, міністраў, бізнесменаў. Узнагароду форуму быў атрымліваў Біл Клінтан, а вось цяпер чарга дайшла і да “Вясны”. Можна было зразумець выбар лаўрэатаў прыза: і Беларусь, і Малдова знаходзіліся недалёка ад Польшчы. Такім чынам палітыкі і грамадскія дзеячы ЗША і краінаў Еўразьвязу хацелі выказаць сваю ўвагу да краінаў, якія ляжаць на ўсход ад Еўразьвязу, і да тыхдраматычных падзеяў, якія адбыліся ў нас у сьнежні 2010 года.
Хоць гэтая ўзнагарода і была цалкам нечаканай, але цяжкая і ўпартая праца “Вясны” набывала прызнаньне і павагу. Урэшце, гэта і было самым істотным, бо мы ўсё ж працуем не дзеля прызоў і ўзнагародаў. Уручэньне такой прэміі было відавочным і выразным сігналам да беларускіх уладаў: трымайцеся правоў чалавека! Праваабарончыя арганізацыі ў краінах, дзе шануюцца правы чалавека, амаль не атрымліваюць узнагародаў. А вось для “Вясны” і вясноўцаў гэта ўжо была шостая ўзнагарода, і, як паказалі падзеі наступнага года, далёка не апошняя. Таму атрымліваеш такія прызы заўсёды і з радасьцю за “Вясну”, і з горыччу за краіну.
Гэты прыз форуму прыцягваў увагу да сітуацыі з існаваньнем вялікай колькасьці палітычных вязьняў у Беларусі.
Форум праходзіў з 9 па 11 чэрвеня 2011 года. Да гэтага я ніколі не быў ва Уроцлаве. Мы прыехалі на цягніку з Варшавы і прайшлі пешшу ад вакзала да цэнтра старога горада. Там знаходзіўся гатэль, куды нас засялілі гаспадары форуму. Затым мы выйшлі агледзецца. Архітэктура, якая захавалася ў старым горадзе, мела нямецкія рысы. Строгая готыка, сьціплае, стрыманае барока, сьпічастыя вузкія камяніцы былых бюргераў. Уроцлаў стаіць на “землях адзысканых”, немцы адсюль пасьля вайны былі выселеныя пагалоўна. Прыехала сюды багата перасяленцаў з Заходняй Беларусі і Украіны, якія ў 50-я гады ўцякалі куды вочы глядзяць з савецкага “раю”.
Уроцлаў быў зялёным, чыстым горадам. Дамінантамі ў горадзе ўзвышаліся гатычныя касьцёлы з чырвонай, аж чорнай ад часу, цэглы. Стары горад добра захаваўся, зь велізарнай цэнтральнай плошчай і ратушай. Рэстараны расставілі пластыкавыя крэслы, столікі пад вялікімі парасонамі проста на бруку плошчы. Было багата турыстаў. А польскае піва па смаку не саступае ні нямецкаму, ані чэшскаму. Выдатная і польская кухня, вельмі падобная на беларускую, але пазбаўленая лішкаў тлушчу.
Знайшлі мы і краму. Тут купіў я сабе сьветлыя джынсы і лагодна-чырвоную кашулю. У гэтай вопратцы, так сталася, увосень, праз некалькі месяцаў, буду я сядзець на судзе.
Праграма форуму была шырокай і разнастайнай. Прыз нам мусілі ўручыць увечары на другі дзень. На трэці дзень была запланаваная беларуская панэль, у якой апроч мяне і старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанны Літвіной меркаваўся ўдзел Станіслава Шушкевіча і Аляксандра Мілінкевіча. Прымаў форум мэр Уроцлава, высокі, ўсьмешлівы і актыўны дзядзька. Відаць было, што ён жадаў выкарыстаць нагоду правядзеньня форуму для ўзьняцьця прэстыжу Уроцлава на ўзроўні як Польшчы, так і цэлай Еўропы, дэкляраваньня інтэлектуальных і эканамічных дасягненьняў горада. Як мы даведаліся, Уроцлаў быў адным з найбольш дынамічна разьвівальных гарадоў у Польшчы.
У першы дзень форуму пасьля абеду ў мэрыі адбыўся прыём. На яго запрасілі і мяне. Там я пазнаёміўся з рэдактарам найвялікшай па накладзе “Газеты выборчай” Адамам Міхнікам. Дагэтуль я ведаў яго толькі завочна па фотаздымках і хроніцы часоў вайсковага стану ў Польшчы, часоў “Салідарнасьці”. Прозьвішча Міхнік часта гучала ў савецкай прэсе побач з Валенсам, Буекам. Яго лічылі адным з ідэолагаў “Салідарнасьці” і ворагам савецкай сістэмы. Міхнік пастарэў, выглядаў вельмі па-свойску, быў апрануты ў мешкаватыя джынсы і сьветла-карычневы штодзённы пінжак, са шклянкаю віскі ў руцэ. Відаць, што так ён хадзіў і ў рэдакцыі, і паўсюль, куды яго запрашалі. Ён, як жывы гістарычны выкапень, мог сабе такое дазволіць.
Мы стаялі ўчатырох, у невялікім коле зь ягонымі сябрамі, таксама, відаць, старымі грамадскімі дзеячамі, гаварыў Міхнік мала, але было відаць, што ён добра арыентаваўся ў беларускай сітуацыі. Ён адкрыта сімпатызаваў беларускай дэмакратыі. А потым заўважна замітусілася ахова, выйшаў у хол мэр Уроцлава і стаў у чаканьні. Урэшце ўвайшоў міністр замежных спраў Радаслаў Сікорскі. Ён павітаўся з мэрам, зь іншымі ўроцлаўскімі чыноўнікамі, відаць, перакінуўся дзяжурнымі вітальнымі словамі і, убачыўшы Міхніка, падышоў да нас. Тут мяне Міхнік прадставіў яму. Сікорскі выглядаў молада, быў апрануты афіцыйна, у касьцюм пад гальштукам, але без асаблівага шыку і бляску. Яны размаўлялі на ім вядомыя тэмы і акалічнасьці, размова мела, я б сказаў, сяброўскі характар.
Хачу адзначыць дзьве акалічнасьці, якія я прыкмеціў. Адчувалася пераемнасьць палітычных пакаленьняў. Я бачыў рэакцыю Сікорскага на выказваньне аднаго зь ветэранаў-суразмоўцаў. Сікорскі ўважліва слухаў яго. Не было ні пыхі, ні самаўпэўненасьці зь яго боку. Хаця ён быў дзейны міністр, а яны ўжо, мабыць, пеньсіянеры. Ён стаяў і слухаў, як слухаюць старэйшых калегаў. І другое — моц аргументаў і энергія, якая адчувалася ў выказваньнях Сікорскага. Відаць было, што палітыка для яго была сутнасьцю ягонага жыцьця.
Затым нас паклікалі да грамады, былі выступы, былі нефармальныя размовы, запрошаныя стаялі з напоямі ў руках, пераходзілі ад аднаго кола размоўцаў да іншага, адбываўся такі, здавалася б, неарганізаваны броўнаўскі рух. Але я ведаю, што менавіта падчас такіх нефармальных гутарак часта прымаюцца важныя рашэньні. У канцы прыёму, калі наступіў летні змрок, у гонар гасьцей форуму быў запушчаны салют. Стралялі гарматы, узьляталі каляровыя шары і плаўна рассыпаліся ў небе на тысячы зорак. Адчуваньне было нязвыклым. Я чамусьці згадаў, што і ў нас, у Міры, калі туды прыязджаў апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Панятоўскі, то магнат і ўладальнік Мірскага замка Радзівіл ладзіў у ягоны гонар салют. І тады, і цяпер сэнс ягоны быў адзін — ушанаваць гасьцей і паказаць упэўненасьць і рэсьпектабельнасьць гаспадароў.
У наступны дзень на ўганаравальную вечарыну, дзе нам мусілі ўручыць прыз, я напісаў сьпецыяльную прамову. Але калі мы ўвечары прыйшлі ў залу і я ўбачыў сталы зь віном і закускамі, я зразумеў, што фармат імпрэзы патрабуе іншага выступу, іншых слоў.
Удзельнікаў вечара рассаджвалі па сьпісах. На круглых сталах, сервіраваных прыкладна на восем персон, стаялі шыльдачкі з нумарамі, а кожны госьць напярэдадні атрымаў запрашэньне з указаньнем месца. Мяне пасадзілі разам з прэм’ер-міністрам Малдовы і ягонай жонкаю. Насупраць мяне сядзеў былы прэм’ер-міністр Польшчы па прозьвішчы Бялецкі. Размаўляць праз увесь стол было нязручна, таму я проста прыглядваўся да яго, сівога, коратка стрыжанага з моцнай галавою дзядзькі, гадоў шасьцідзесяці пяці, з разумным чэпкім поглядам вачэй. А ён прыглядаўся да мяне. Адрозьненьне ў нашых прозьвішчах было ўсяго ў адну літару.
Прозьвішча Бяляцкі не рэдкае ў Беларусі. Толькі ў Менску абаненцкая база “Вэлкама”, я некалі глядзеў, выдавала больш за сто Бяляцкіх. Найбольш іх сустракаецца на Магілёўшчыне, ёсьць на Віцебшчыне, Гомельшчыне, Смаленшчыне, адным словам, на землях уласна Беларусі. А ў гістарычных дакументах Бяляцкія фігуруюць з пачатку XVIII стагодзьдзя ў Мсьціслаўскім ваяводстве, дзе былі і дарожнымі і падчашымі. Бялецкіх у Беларусі таксама нямала. У Менску нават вуліца ёсьць — Бялецкага, на якой жыве такі рознабаковы чалавек, як Аляксандр Фядута.
З жонкаю прэм’ера Малдовы мы сядзелі разам і трохі паразмаўлялі, па-руску. Прыз форуму ўручалі, як я пісаў ужо, і малдоўскаму прэм’ер-міністру. Было відаць, як ягоная жонка падтрымлівае, перажывае за яго і ганарыцца ім. Выступаючы, прэм’ер сказаў, што ніколі не думаў, што стане на чале ўрада Малдовы, што ім удасца перамагчы сваіх камуністаў. Ён у канцы прамовы падзякаваў сваёй жонцы, сказаў, што яна моцна падтрымлівала яго і верыла ў ягоную перамогу болей, чым ён сам.
Калі ён казаў гэтыя словы, ягоная жонка засаромелася. Гэта была такая натуральная жаноцкая рэакцыя кабеты, якая яшчэ не прызвычаілася да свайго новага становішча і яшчэ не навучылася хаваць свае пачуцьці.
Паміж размоваю зь ёю я тэзісна перапісаў свой выступ. А жонцы прэм’ера сказаў, што тое, што Малдова зрабіла адназначны еўрапейскі выбар, гэта вельмі важна і для Беларусі. Чым меней былыя постсавецкія рэспублікі арыентуюцца на Расію, як былую метраполію, тым меней застаецца аргументаў у беларускіх галовах на карысьць усходняга геапалітычнага і цывілізацыйнага выбару. Яна цалкам пагадзілася са мною.
І вось прыйшоў час гаварыць мне. Выступаў я эмацыйна, як для беларуса, без паперкі, паглядаючы толькі на запісаныя пункты, якія хацеў выказаць. Пашанцавала яшчэ, што дзяўчаты-перакладчыцы былі беларускамі. Таму я мог гаварыць па-беларуску. Значна прасьцей было фармуляваць свае думкі. Ды і хацелася, каб і прысутная польская палітычная эліта, журналісты і прыехаўшыя амерыканцы пачулі жывую беларускую мову. А яна ж, магу заверыць беларусаў, якія, часта так бывае, не цэняць свайго, для замежнага вуха гучыць, скажам так, прыемна і мілагучна. Цьвёрдае “ч”, але не такое выбуховае, як у польскай мове, і мяккае “сь”, значна мякчэйшае, чым у рускай мове, ствараюць дзіўныя тонавыя гукавыя пераходы, і гэтага няма, прынамсі ні ў адной еўрапейскай мове. Калі мілагучнасьць раманскіх моваў — французскай, італьянскай — дасягаецца дзякуючы частым санорным — л, м, н, то ў беларускай мове ёсьць свае разынкі. Я гэта ведаю, бо неаднойчы правяраў на разнамоўных замежніках і пераканаўся ў гэтым сам. І ніводзін з маіх замежных суразмоўцаў не сказаў: фу, як брыдка гучыць! Затое такія выказваньні даводзілася мне чуць ад саміх беларусаў.
Вось жа і зараз — усе слухалі. Амерыканцы з навушнікамі, многія з палякаў — без навушнікаў, ужывую. Я імкнуўся гаварыць павольна і выразна, каб можна было зразумець, пра што я кажу. Збольшага, мабыць, зразумелі, бо пляскалі доўга і шчыра. Атрымліваць прыз таксама выйшлі мае калегі-вясноўцы. Мне было вельмі прыемна, што на ўзвышшы-подыуме я быў не адзін.
Кіраўнікі “Свабоднага тэатра”, якія на той час зьехалі ў Англію, асьцерагаючыся перасьледу, з-за праблемаў з шэнгенскімі візамі на форум патрапіць не здолелі. Таму прыслалі відэазапіс выступу Натальлі Каляды. Зроблены ён быў адметна: запісалі яе на вуліцы, пад трывожны гул ветру, які варушыў яе валасы. Вецер часам аж заглушаў голас Натальлі і надаваў яе выступу пэўнае напружаньне і драматызм. Прамаўляла яна на бездакорнай ангельскай мове. Зала слухала яе ў поўнай цішыні.
Калі я вярнуўся за мой столік, то былы прэм’ер Польшчы Бялецкі кіўнуў мне, прыязна пасьміхнуўшыся. Сэнс яго кіўка я зразумеў так: “Трымайся, амаль цёзка”. Я адказаў яму таксама пасьміхнуўшыся і кіўнуўшы. І сэнс майго кіўка азначаў: “Буду трымацца, а куды ж падзенешся”. Прэм’ер жа Малдовы сказаў наступнае: “Калі ў вас будуць праблемы — знайдзіце мяне”. Я зноў ужо весела пасьміхнуўся яму. Сэнс маёй усьмешкі быў такі: “Дзякуй за падтрымку, але ж як я цябе знайду, ды і навошта? Дайце рады сваім праблемам, і тады ваш посьпех будзе і нашым посьпехам”.
Назаўтра была беларуская панэль, на якой не раз гучала пытаньне да беларускіх удзельнікаў: чым вам, беларускім грамадзянам, можа дапамагчы Еўрапейскі саюз, Польшча?
Мы задаволеныя зьязджалі з Уроцлава. Такая маральная падтрымка праваабаронцаў і салідарнасьць зь беларускім народам багата што значылі. І нашая ўзнагарода была намі заслужаная.
У Варшаве мы перасядалі на цягнік да Менска. Зайшлі ў супермаркет каля вакзала, каб набыць чаго паесьці ў дарогу. Я ўбачыў і купіў пляшку балгарскага каньяку “Сонечны бераг”, памятнага мне смакам яшчэ з студэнцкіх часоў. І там, у краме, сустрэў знаёмага мастака і пісьменьніка Артура Клінава. Ён сказаў, што рыхтуе нумар часопіса “Партызан”, рэдактарам якога ён быў, па-польску, адмыслова для палякаў. І ці не мог бы я напісаць для гэтага нумара артыкул па гісторыі беларускага праваабарончага руху. Я пагадзіўся. Напісаў і пераслаў Артуру. Але самога часопіса я ўжо не ўбачыў, бо сядзеў за кратамі.