viasna on patreon

Старшыня Гомельскага абласнога суда накіраваў справу Дзяніса Рабянка на новы разгляд

2013 2013-11-11T15:26:02+0300 2013-11-11T15:26:02+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kalinkavichy-rabianok-dzianis.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Дзяніс Рабянок

Дзяніс Рабянок

Сем месяцаў спатрэбілася актывісту АГП з Калінкавічаў Дзянісу Рабянку, каб дамагчыся абароны сваіх правоў. Нагадаем, што яшчэ ў красавіку гэтага году на актывіста здзейсніў напад агрэсіўны сусед, распыліўшы Дзянісу Рабянку ў твар газавы балончык. У выніку той атрымаў апёк вачэй і вымушаны быў праходзіць лекаванне ў доктара-афтальмолага. У той жа дзень малады чалавек напісаў заяву ў Калінкавіцкі РАУС, каб прыцягнуць нападніка да адказнасці. Але міліцыя не ўгледзела ў дзеяннях нападніка парушэння закона і адмовіла ва ўзбуджэнні не толькі крымінальнай, але і адміністрацыйнай справы. Адміністрацыйную справу, тым часам, распачалі ў дачыненні самога Дзяніса Рабянка, нібыта за біццё суседа. Пасля некалькіх судовых паседжанняў, разгляду адміністрацыйнай справы ў раённым судзе ўсё-такі актывіст не быў прыцягнуты да адказнасці. Спачатку раённы суд прызнаў яго вінаватым. Абласны ж суд, дзе Дзяніс Рабянок абскарджваў дадзенае рашэнне, адмяніў пастанову раённага суду. У выніку справу закрылі, бо прайшлі тэрміны прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці.

Але сусед, які напаў на актывіста, так і не панёс пакарання, тады, у красавіку 2013 года. І толькі праз два месяцы, у чэрвені, пасля некалькіх скаргаў і заяў у пракуратуру ад імя Дзяніса Рабянка, у адносінах да нападніка быў складзены адміністрацыйны пратакол і накіраваны ў суд. Аднак суд Калінкавіцкага раёна адмовіўся яго разглядаць, прыняўшы рашэнне аб спыненні адміністрацыйнай справы як быццам з-за пропуску тэрмінаў прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці.

Пры гэтым актывісту не толькі не паведамілі пра паседжанне, дзе суддзя прыняла гэтае рашэнне, але нават не выслалі яго копію.

Амаль праз месяц Дзяніс Рабянок даведаўся пра рашэнне суда і адразу ж накіраваў касацыйную скаргу ў Гомельскі абласны суд. У жніўні 2013 года абласны суд разгледзеў скаргу актывіста, але пакінуў рашэнне Калінкавіцкага суда ў сіле.

Наступным крокам была скарга на імя старшыні Гомельскага абласнога суда, у якой актывіст прасіў адмяніць рашэнне раённага суда і накіраваць справу на новы разгляд. І вось актывіст атрымаў копію рашэння старшыні Гомельскага абласнога суда, датаваную 5 лістапада 2013 года, згодна з якім рашэнне суда Калінкавіцкага раёна прызнана незаконным і адменена, а справа супраць нападніка накіраваная на новы разгляд у раённы суд іншаму суддзі.

«Я ўпэўнены, што ўся сітуацыя і з нападам, і з незаконнымі дзеяннямі як супрацоўнікаў Калінкавіцкага РАУС, так і раённага суда самым непасрэдным чынам звязана з маёй палітычнай і грамадскай дзейнасцю. Страчаны час, нервы, здароўе і грошы, каб давесці відавочнае і прымусіць Калінкавіцкі суд выконваць нормы закона і караць вінаватых, правапарушальнікаў, а не тых, на каго яны нападаюць», - пракаментаваў актывіст.

Дзяніс Рабянок чакае прызначэння даты новага разгляду справы ў Калінкавіцкім судзе.

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства