Гомель: на Зміцера Карашкова склалі пратакол за незаконнае пікетаванне (дапоўнена)
Уранку 11 лістапада на цэнтральнай плошчы Леніна ў Гомелі быў затрыманы каардынатар грамадзянскай кампаніі «Хопіць піць — трэба жыць» Зміцер Карашкоў. Ён выйшаў на плошчу з антыалкагольным пікетам. Перад вокнамі аблвыканкама актывіст разгарнуў вялізны надпіс «Спыніце продаж алкаголю каля школ».
Змітра хутка затрымалі і пасадзілі ў міліцэйскую машыну.
У Цэнтральным РАУС Гомеля міліцыя склала на яго пратакол па артыкуле 23.34 КаАП (парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства). Маладога чалавека пасля апытання, складання пратаколу і канфіскацыі расцяжкі адпусцілі дахаты. Цяпер яго чакае суд.
Раней актывіст доўгі час вёў перапіску з мясцовымі чыноўнікамі і дэпутатам гарсавета Валянцінай Атрошчанака і быў адным з ініцыятараў правядзення грамадскіх слуханняў аб забароне продажу алкаголю ў крамах, што знаходзяцца каля школ. Але гэта, на жаль, не дало вынікаў, таму Зміцер вырашыўся на пікет.
Зміцер Карашкоў спрабаваў легальна правесці антыалкагольны пікет, падаваў у сакавіку заяўку ў гарвыканкам, як таго патрабуе заканадаўства, але масавае мерапрыемства ўлады не дазволілі. Таму актывіст пайшоў на такія меры, каб звярнуць увагу грамадскасці на праблему. Раней, на мінулых выбарах у парламент, восенню 2012 года, ён быў ініцыятарам зваротаў ў розныя інстанцыі, у тым ліку дэпутатам, дзе прасіў забараніць продаж алкаголю на выбарчых участках, размешчаных у большасці сваёй у школах. Але выканаўчая і прадстаўнічая ўлада не прыслухалася да меркавання грамадзян, якія падпісваліся пад калектыўнай скаргай.