Асуджаны крычаўскі міліцыянер, які выбіваў прызнанні ў затрыманага
Малодшы оперупаўнаважаны аддзялення крымінальнага вышуку Крычаўскага РАУС, старэйшы сяржант міліцыі асуджаны Бабруйскім міжгарнізонным судом за тое, што ў літаральным сэнсе выбіваў прызнанне ў жыхара Крычава, каб атрымаць ад яго паказанні ў здзяйсненні злачынства, якога той не здзяйсняў.
Як паведамляе крычаўская раённая газета “Крычаўскае жыццё”, 31 кастрычніка крычаўскі міліцыянер асуджаны Бабруйскім міжгарнізонным ваенным судом па ч.3 арт. 426 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (перавышэнне ўлады альбо службовых паўнамоцтваў) і п.9 ч.2 арт. 147 КК РБ (наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання). Па сукупнасці злачынстваў малодшаму оперупаўнаважанаму крымінальнага вышуку Крычаўскага РАУС прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам 6 гадоў з накіраваннем у калонію ўзмоцненага рэжыму, без канфіскацыі маёмасці, з пазбаўленнем адмысловага звання “старэйшы сяржант міліцыі”, з пазбаўленнем права займаць вызначаныя пасады тэрмінам на пяць гадоў.
Мы ўжо пісалі пра тое, што крычаўскія міліцыянеры затрымалі грамадзяніна Л. у снежні 2012 года, ён праходзіў у якасці падазраванага ў крадзяжы у Крычаўскім УКПП “Камунальнік”. Супрацоўнікі міліцыі прымянілі меры фізічнага ўздзеяння к падазраванаму, у выніку гэтага ён атрымаў цяжкія цялесныя пашкоджанні. Пасля вызвалення грамадзянін звярнуўся з заявай у Крычаўскі міжрайаддзел КДБ.
Па словах рэдактара незалежнай Крычаўскай газеты “Вольны горад” Сяргея Няроўнага, ён здзіўлены тым фактам, што да крымінальнай адказнасці за збіццё падазраванага прыцягнуты толькі адзін супрацоўнік крычаўскай міліцыі.
“Я здзіўлены, што да крымінальнай адказнасці прыцягнуты толькі адзін супрацоўнік крычаўскай міліцыі, - кажа Сяргей Няроўны. – Згодна нашай інфармацыі, у збіцці падазраванага ў будынку Крычаўскага РАУС удзельнічала некалькі супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Зараз мы будзем высвятляць тое, якія вызначэнні вынес Бабруйскі міжгарнізонны суд адносна тых парадкаў, якія існуюць у нашым Крычаўскім РАУС”.