Мінгарсуд адмяніў “завочны” штраф прадпрымальніку Вячаславу Піліпуку
Мінскі гарадскі суд адмяніў пастанову пра штраф у дачыненні да сталічнага прадпрымальніка Вячаслава Піліпука, які выступае супраць высечкі дрэваў пад будаўніцтва аўтацэнтра Audi AG ва Уруччы. Адміністратыўная справа накіравана на новы разгляд.
Пра гэта актывіст рэспубліканскага аб’яднання прадпрымальнікаў "Перспектыва" паведаміў праваабаронцам Праваабарончага цэнтра “Вясна”, якія дапамагалі яму ў падрыхтоўцы скаргі.
Суддзя суда Першамайскага раёна Сяргей Бандарэнка 1 кастрычніка, разгледзеўшы адміністратыўную справу ў адсутнасць Вячаслава Піліпука, на падставе ч. 1 арт. 23.34 КаАП прызнаў яго вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваных мітынгу і пікетаванні (двойчы – 1-га і 5-га жніўня гэтага года) і пакараў штрафам у памеры 2 мільёнаў 600 тысяч рублёў.
Суддзя ўгледзеў адміністратыўнае правапарушэнне ў знаходжанні прадпрымальніка 1 жніўня каля будынка адміністрацыі Першамайскага раёна, куды яго не прапусцілі на ініцыяваны кіраўніцтвам адміністрацыі сход па пытанні будаўніцтва аўтацэнтра Audi AG у зялёнай зоне ў сталічным мікрараёне Уручча. Таксама правапарушэннем суддзя палічыў удзел прадпрымальніка 5 жніўня ў сходзе жыхароў мікрараёна каля гарнізоннага Дома афіцэраў на вуліцы Герояў 120-й дывізіі, дзе запісалі відэазварот да прэзідэнта Лукашэнкі з просьбай спыніць высечку дрэў пад будаўніцтва аўтацэнтра. Пасля сходу Піліпук быў затрыманы супрацоўнікамі АМАПу.
Пра адміністратыўны працэс і штраф Вячаслаў Піліпук даведаўся толькі 9 кастрычніка, калі па пошце атрымаў ліст з пастановай з суда Першамайскага раёна. Не пагадзіўшыся з гэтай пастановай, прадпрымальнік абскардзіў яе ў Мінскі гарадскі суд. У скарзе ён прасіў адмяніць пастанову і спыніць адміністратыўную справу, паколькі суддзя Сяргей Бандарэнка не ўказаў, у чым заключаўся яго ўдзел у мітынгу і пікетаванні 1 жніўня, не прывёў ніякіх доказаў і фактычных акалічнасцяў справы, пры гэтым устанавіўшы сам факт масавага мерапрыемства і ягонага ў ім удзелу. Піліпук паскардзіўся на тое, што ён быў пазбаўлены магчымасці ажыццяўлення сваіх правоў, паколькі пра адміністратыўны працэс яму не паведамілі і на разгляд справы ў суд не выклікалі. Таксама ён лічыць, што яго затрыманне і прыцягненне да адказнасці супярэчыць Канстытуцыі і нормам міжнароднага права, паколькі абмяжоўвае ягоныя правы на свабоду выказвання меркавання і на правядзенне мірных масавых мерапрыемстваў.
Разгледзеўшы скаргу прадпрымальніка, суддзя Мінскага гарадскога суда Бычко А.В. пагадзіўся з тым, што судом Першамайскага раёна не былі прынятыя неабходныя меры па апавяшчэнні Вячаслава Піліпука пра разгляд адміністратыўнай справы. “Прыходзячы да высновы пра здзяйсненне Піліпуком В.М. адміністратыўных правапарушэнняў, суддзёй не ўказана, парушэнне якіх патрабаванняў закону ім дапушчана. Акрамя таго, апісанне супрацьпраўных дзеянняў, вінаватым у якіх прызнаны Піліпук В.М., не адпавядае таму, што ставілася яму ў віну згодна з пратаколамі, аднак адпаведнае абгрунтаванне такому рашэнню ў пастанове не прыведзена”, - указвае суддзя Бычко на хібы ў пастанове суддзі Бандарэнкі.
Пры наяўнасці такіх абставінаў Мінскі гарадскі суд палічыў, што пастанову суддзі суда Першамайскага раёна ад 1 кастрычніка 2013 года ў дачыненні да Вячаслава Піліпука нельга прызнаць законнай і яна падлягае адмене, а справу накіраваў на новы разгляд да іншага суддзі.