Магілёўскі раён: штраф за ўтрыманне свіней адменены па фармальных прычынах
4 лістапада Магілёўскі раённы суд адмяніў пастанову адміністрацыйнай камісіі пры Магілёўскім райвыканкаме ад 30 жніўня 2013 за парушэнне п.52 Ветэрынарна-санітарных правілаў вырошчавання свіней і ўтрыманні іх ва ўласным падворку ў радыусе меней за 5 кіламетраў ад СВК “Палыкавічы”.
Нагадаем, што адміністрацыйная камісія з гэтай нагоды аштрафавала жыхарку вёскі Палыкавічы Магілёўскага раёна Магілёўскай вобласці Святлану Ліпецкую на 1,5 мільёны рублёў. Жанчына са штрафам не пагадзілася і абскардзіла яго ў судовым парадку.
Распавядае праваабаронца Барыс Бухель:
“Пастанова адміністрацыйнай камісіі была адменена судом па фармальных прычынах. Па-першае, на прадпісанні, якое было выдадзена ветэрынарнай службай і ў якім адзначалася, што свіней варта знішчыць цягам тыдня, адсутнічала пячатка, што з’яўляецца парушэннем. Па-другое, пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні не адпавядаў яго копіі. У арыгінале было заўважна, як нехта іншай асадкай дапісаў тры сведкі, чаго не было ў копіі пратаколу, які быў выдадзены спадарыне Ліпецкай”.
Праваабаронца перакананы, што скласці новы адміністрацыйны пратакол у адпаведнасці з раней вынесенай пастановай немагчыма – прапушчаны ўсе тэрміны, а заднім чыслом гэта рабіць ужо ніхто не будзе.
“Я мяркую, што ажыятаж са знішчэннем свіней на прыватных падворках у радыусе пяці кіламетраў ад дзяржаўных ферм пайшоў на спад і новае прадпісанне ветэрынарнай службы не будзе вынесена. Калі ж яны прынцыпова захочуць прадоўжыць гэты працэс, то ім трэба будзе ўсё рабіць ад самага пачатку. Так што свінні пакуль пажывуць”, - гаворыць праваабаронца.