Арышт Юрыя Рубцова праваабаронцы лічаць незаконным
4 лістапада суд Савецкага раёна Мінска пакараў удзельніка акцыі “Дзяды” Юрыя Рубцова трохсуткавым адміністратыўным арыштам. Суддзя Дзмітрый Паўлючэнка, разгледзеўшы адміністратыўную справу апазіцыйнага актывіста, прызнаў яго вінаватым у “непадпарадкаванні” супрацоўнікам міліцыі (паводле артыкула 23.4 КаАП РБ).
Падчас адміністратыўнага працэсу сведкі-міліцыянты, якія затрымлівалі актывіста, патлумачылі, што ён адмаўляўся на іх патрабаванне сесці ў машыну, гэта яны і расцанілі як “непадпарадкаванне”.
Як тлумачыць юрыст ПЦ “Вясна” Уладзімір Лабковіч, затрыманне спадара Рубцова з’яўляецца адвольным, паколькі не мае пад сабой законных падставаў.
“Нават тая фармальная падстава, выкарыстаная для прыцягнення Юрыя Рубцова да адміністратыўнай адказнасці, яна абсалютна неправамерная і незаконная. Бо калі чытаць артыкул 23.4 КаАП, то ён прадугледжвае, што патрабаванне службовых асобаў, у дадзеным выпадку – супрацоўнікаў міліцыі, павінны быць правамерныя. То бок, Рубцову яны павінны былі патлумачыць, чаму ён мусіць прайсці з імі ў машыну. І, насамрэч, у супрацоўнікаў міліцыі вельмі абмежаваны і вычарпальны пералік падставаў для запрашэння чалавека кудысьці з імі прайсці. Яны абавязкова павінны былі яму патлумачыць: затрымліваецца – за што, прайсці – дзеля чаго… Бо яны маюць права затрымліваць за правапарушэнні, нейкія дзеянні, якія могуць да чагосьці там прывесці. У дадзеным выпадку, як бачна з матэрыялаў адміністратыўнай справы, Рубцова проста папрасілі прайсці ў машыну і ён меў поўнае права адмовіцца ад такой “прапановы”. Гэтае патрабаванне было абсалютна неправамернае”, - кажа Уладзімір Лабковіч.
Праваабаронцы лічаць, што насамрэч гэты арышт з’яўляецца нічым іншым як помстай за майку з надпісам “Лукашенко, уходи”:
“Улічваючы, што Рубцова абвінавацілі толькі па адным артыкуле – 23.4 КаАП, можна сцвярджаць, што “запрашалі” яго не з-за таго, што ён здзейсніў нейкае правапарушэнне. Усё сведчыць пра тое, што гэта чыстай вады помста за майку. Бо гэтая майка з надпісам сама па сабе дэ-юрэ не падпадае ні пад які артыкул - нават пры нашым абсалютна вычварэнскім заканадаўстве. Бо заклік да любой выбарнай асобы, каб яна сышла са сваёй пасад, з’яўляецца абсалютна законным. Таму гэтая майка Рубцова не ўтрымлівае ніякай абразы, знявагі…”
Праваабаронца падкрэслівае, што ў справе Юрыя Рубцова адміністратыўны арышт – вынік адвольнага затрымання.