Маніторынгавая справаздача па выніках назірання за ходам масавага мерапрыемства "Дзяды - 2013"
3-га лістапада 2013 г. у Мінску прайшла традыцыйная акцыя ўшанавання продкаў “Дзяды-2013”. Па даступным у інтэрнэце адказе з Мінгарвыканкама за 29.10.2013 г. №3/1-3/1568 быў атрыманы дазвол на правядзенне шэсця па наступным маршруце: 10.30 – збор удзельнікаў мерапрыемства на пляцоўцы перад будынкам ААТ “Мінскі гадзіннікавы завод” (пр.Незалежнасці, 95). 11.00-14.30 – шэсце па ходніках па маршруце: ААТ “Мінскі гадзіннікавы завод” – пр-т Незалежнасці – вул. Каліноўскага – вул.Сядых – вул.Карбышава – вул. Гамарніка - вул.Мірашнічэнкі – Мінская кальцавая аўтамабільная дарога (падземны пешаходны пераход пад МКАД да ўрочышча Курапаты). Дадзенае масавае мерапрыемства прайшло па пазначаным маршруце.
Арганізатарам масавага мерапрыемства выступала Кансерватыўна-Хрысціянская Партыя - БНФ. Тэкст заявак на правядзенне шэсця і мітынгу, а таксама адказу на заяўку на правядзенне мітынгу арганізатары назіральнікам не прадставілі.
Па ініцыятыве РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт” і Праваабарончага цэнтра “Вясна” з мэтай аб’ектыўнай ацэнкі характару сходу, а таксама фіксацыі магчымых парушэнняў правоў чалавека падчас мерапрыемства праводзіўся маніторынг. Група назіральнікаў складалася з 15 чалавек, якія запаўнялі ўніфікаваныя карты назірання. Паводле інфармацыі з гэтых картаў (пазначаных там фактаў) быў зафіксаваны ход масавага мерапрыемства, дзеянні супрацоўнікаў праваахоўных органаў і ўдзельнікаў. У дадзенай справаздачы абазначаныя асобныя аспекты вынікаў назірання, аналіз адпаведнасці масавага мерапрыемства міжнародным стандартам у галіне свабоды мірных сходаў, а таксама рэкамендацыі для прадстаўнікоў дзяржаўных органаў і арганізатараў.
І. Высновы:
- Можам адзначыць мірны характар масавага мерапрыемства (калі “арганізатары маюць мірныя намеры і сход мае негвалтоўны характар”) цягам усяго сходу, арганізатары і ўдзельнікі не парушалі заканадаўства.
- Асаблівую занепакоенасць выклікае немагчымасць ідэнтыфікаваць супрацоўнікаў праваахоўных органаў як такіх праз адсутнасць форменнай вопраткі, а таксама адсутнасць ідэнтыфікацыйных картак на супрацоўніках у форме.
- На падставе дадзеных, якімі валодаюць назіральнікі, можам меркаваць пра адвольны характар затрымання і зняволення ўдзельніка акцыі Юрыя Рубцова.
Да таго ж варта адзначыць, што рэгуляванне парадку правядзення масавых сходаў у Беларусі, замацаванае Законам “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь” ад 30 снежня 1997 года (у рэдакцыі ад 08.11.2011), супярэчыць міжнародным стандартам. У сумесным заключэнні Венецыянскай камісіі і БДІПЧ/АБСЕ (CDL-AD (2012) 006) адзначана: “Закон аб масавых мерапрыемствах характарызуецца падрабязным празмерным рэгуляваннем працэдурных аспектаў правядзення сходаў. Закон стварае складаную працэдуру захавання жорсткай і працаёмкай працэдуры атрымання дазволу, у той жа час пакідаючы большую свабоду дзеянняў адміністрацыйным органам для прымянення Закона. Гэтая працэдура не адлюстроўвае пазітыўнае абавязацельства дзяржавы забяспечваць і заахвочваць ажыццяўленне права на свабоду мірных сходаў і на свабоду выказвання меркаванняў”. Акрамя таго, Камітэт па правах чалавека ААН неаднаразова зафіксаваў парушэнні з боку Беларусі права на свабоду мірных сходаў[1].
ІI. Ход масавага мерапрыемства
Падчас масавага мерапрыемства былі зафіксаваныя наступныя факты:
- пры заяўленай колькасці ўдзельнікаў да 5000 назіральнікі налічылі ад 370 да 470 чалавек у розныя перыяды мерапрыемства;
- час мерапрыемства адпавядаў дазволенай Мінгарвыканкамам працягласці;
- падчас працы назіральнікаў меліся перашкоды да назірання ў падземным пераходзе перад пачаткам шэсця: двойчы супрацоўнік міліцыі ў форме без ідэнтыфікацыйнага бэйджа забараніў назіральнікам знаходзіцца ў падземным пераходзе. Афіцыйная падстава – забарона на згуртаванне людзей на аб’ектах метрапалітэна. Прадставіцца супрацоўнік міліцыі адмовіўся. Пры гэтым перашкодаў у патрапленні на месца збору і непасрэдна масавага мерапрыемства не зафіксавана;
- факты абмежаванняў у працы СМІ з боку супрацоўнікаў міліцыі не зафіксаваныя;
- арганізатары былі абазначаныя бэйджамі і нарукаўнымі павязкамі;
- заклікаў да гвалтоўных дзеянняў з боку ўдзельнікаў не зафіксавана;
- удзельнікі выкарыстоўвалі наступныя плакаты і транспаранты: “Дзяды”, “Дзякуй продкам за мову”, “Ушануйма ахвяраў Курапатаў”, “Малады Фронт”, “Беларуская салідарнасьць - адказ расейскаму імперыялізму”, “Беларуская салідарнасьць - наш супраціў расейскай акупацыі”, “Кансерватыўна-Хрысціянская Партыя БНФ/ Партыя БНФ”, “Не умееш работать - лови уток”, “Хочешь на запад - плати 100 $ /Не хочешь работать - плати налог/Хочешь на восток - плати 100 миллионов”, “25 гадоў Беларускаму Народнаму Фронту "Адраджэньне" 19.10.88 - 19.10.2013”, “Партыя абароны народных інтарэсаў Партыя БНФ”; удзельнікі таксама выкарыстоўвалі бела-чырвона-белыя сцягі, сімволіку Кансерватыўна-Хрысціянскай Партыі - БНФ, Маладога Фронту, Маладой Беларусі, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі, Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі, Манархічнай Лігі ВКЛ;
- ужываліся лозунгі: “Жыве Беларусь”, “Разнясецца гучным гоманам - слава нацыі, смерць ворагам”, “Беларусь будзе вольнай”, а таксама спяваліся песні;
- заклікі да гвалтоўных дзеянняў, агрэсіўныя паводзіны ўдзельнікаў зафіксаваныя не былі;
- удзельнікі падпарадкоўваліся патрабаванням арганізатараў і супрацоўнікам праваахоўных органаў;
- сярод прадстаўнікоў органаў аховы правапарадку былі заўважаныя: асобы ў форме з надпісам “міліцыя” – да 10 чалавек, супрацоўнікі “ДАІ” – да 20, супрацоўнікі міліцыі з надпісам “АМАП” – 6 чалавек, супрацоўнікі міліцыі ў цывільнай вопратцы (з навушнікамі, мікрафонамі, відэакамерамі, рацыямі) – да 70 чалавек;
- супрацоўнікі міліцыі ў форме мелі пры сабе гумовыя палкі, кайданкі, сродкі сувязі;
- факты прэвентыўнага затрымання не зафіксаваныя;
- супрацоўнікі ДАІ спрыялі праходу калоны па ходніках, але не перакрывалі рух транспарту на святлафорах па ходу шэсця, што падзяляла калону ўдзельнікаў на некалькі частак;
- падчас масавага мерапрыемства супрацоўнікі міліцыі не ўжывалі фізічную сілу, але меў месца факт затрымання Юрыя Рубцова пасля сканчэння акцыі без відавочных на тое падставаў;
- кантакт з супрацоўнікамі праваахоўных органаў не быў наладжаны ў выніку адсутнасці абазначанай адказнай асобы з іх ліку;
- машына хуткай медыцынскай дапамогі не суправаджала масавае мерапрыемства.
ІІІ. Рэкамендацыі
Арганізатарам:
- прадстаўляць у публічны доступ копіі заяў на правядзенне масавага мерапрыемства і адказы дзяржаўных органаў. Дадзеная мера дазволіць грамадзянам азнаёміцца з практыкай рэгулявання свабоды сходаў дзяржаўнымі органамі, а таксама падобнае паведамленне дасць магчымасць грамадзянам, якія не ўдзельнічаюць у сходзе, пазбегнуць магчымых нязручнасцяў;
Супрацоўнікам праваахоўных органаў:
- пры руху калоны праз скрыжаванні супрацоўнікам дзяржаўнай аўтаінспекцыі прыпыняць рух транспарту на час, неабходны для праходу ўсёй калоны дэманстрантаў.
- у адпаведнасці з арт.5 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб органах унутраных спраў", "дзейнасць органаў унутраных спраў з'яўляецца галоснай". Кіруючыся гэтай нормай, лічым, што ўсе супрацоўнікі павінны ажыццяўляць ахову грамадскага парадку падчас масавых мерапрыемстваў у форменнай вопратцы, а таксама быць пазначанымі ідэнтыфікацыйнымі карткамі (бэйджамі).
- абазначыць кантактную асобу з ліку супрацоўнікаў міліцыі для камунікацыі ў выпадку патрэбаў з назіральнікамі, СМІ і арганізатарамі масавага мерапрыемства.
Суб’ектам, якія валодаюць правам заканадаўчай ініцыятывы:
- ініцыяваць змены ў беларускае заканадаўства з мэтай прывядзення ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі ў галіне мірных сходаў.
[1] Арт.21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.