Алеся Бяляцкага могуць уганараваць літоўскай прэміяй Свабоды
У Літве абмяркоўваецца магчымасць прысудзіць зняволенаму беларускаму праваабаронцу Алесю Бяляцкаму прэмію Свабоды. Пра гэта паведамляюць літоўскія сродкі масавай інфармацыі, у прыватнасці delfi.lt
З такой прапановай да камісіі па прэміі выступіў Фонд падтрымкі грамадзянскай абароны і Таварыства беларускай культуры ў Літве.
"Бясстрашная і паслядоўная пазіцыя Алеся Бяляцкага ў справе абароны правоў чалавека ў Беларусі шмат разоў ацэньвалася ў свеце шляхам уручэння яму розных узнагарод", - адзначаюць згаданыя арганізацыі.
Таксама акцэнтуецца, што беларуская праваабарончая арганізацыя "Вясна", якую Бяляцкі ўзначальвае з 1996 года, з'яўляецца адной з асноўных арганізацый па абароне правоў чалавека ў Беларусі, якая аказвае прававую і іншую дапамогу асобаў, якія пацярпелі ад палітычных рэпрэсій, а таксама іх сем'ям .
У прыкладзеным апісанні дзейнасці Бяляцкага гаворыцца, што з 1988 года ён больш за 20 разоў быў затрыманы з-за сваёй палітычнай і грамадзянскай дзейнасці.
Пасля таго, як Бяляцкі быў затрыманы ў Мінску ў канцы жніўня 2011 года, ён быў асуджаны на 4,5 гады пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму, паколькі быў прызнаны вінаватым у нявыплаце падаткаў са сродкаў, якія знаходзіліся на рахунках у замежных банках. Гэтыя сродкі Бяляцкі планаваў выкарыстоўваць для дапамогі пацярпелым ад рэпрэсій, аднак не мог іх афіцыйна зарэгістраваць на рахункі сваёй арганізацыі ў Беларусі.
Дадзеныя аб рахунках Бяляцкага Менску перадалі польская пракуратура і літоўскае міністэрства юстыцыі. Вільня і Варшава пазней прызналі гэты крок памылкай і папрасілі прабачэння перад блізкімі Бяляцкага.
Прэміяй свабоды ўзнагароджваюць з мэтай ацаніць заваёвы асоб і арганізацый і іх уклад у абарону правоў чалавека, развіццё дэмакратыі, заахвочванне міждзяржаўнага супрацоўніцтва ў барацьбе за свабоду самавызначэння і суверэнітэт народаў Усходняй і Цэнтральнай Еўропы.
Прэмію свабоды літоўскі сойм заснаваў 15 верасня 2011, прыняўшы адмысловы закон. Прэмія складае 5 тыс. еўра (17,25 тыс. літаў).
Першая прэмія Свабоды была прысуджана актыўнамузмагару за свабоду і дэмакратыю, абаронцу правоў чалавека, расейскаму дысідэнту Сяргею Кавалёву. Прэмія 2012 дасталася былому дысідэнту савецкага рэжыму, кіраўніку літоўскай Лігі свабоды Антанасу Тярляцкасу.
Па закону, прэмія штогод уручаецца да гадавіны 13 студзеня - у Дзень абаронцаў свабоды. Пастановай парламента прысуджаецца да 23 снежня.