У Бабруйску пройдзе вечарына памяці рэпрэсаванай інтэлігенцыі
У Бабруйску пройдзе вечарына памяці рэпрэсаванай інтэлігенцыі.
Грамадская актывістка Вольга Піманава расказала пра вечар памяці рэпрэсаваных творцаў, які мае адбыцца ў Бабруйску 28 кастрычніка.
-Зараз многія забываюць пра прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, якія сталі ахвярамі рэпрэсій. І гэта выклікае пачуццё сораму, - кажа Вольга Піманава. – Ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года, калі расстралялі каля 100 беларускіх інтэлектуалаў, павінна застацца ў нашай памяці, каб нечаму навучыць. Таму мы вырашылі нагадаць пра гэту сумную дату бабруйчанам, і назваць па імёнах кожнага, хто тады загінуў.
Вольга Піманава плануе, што прозвішчы ахвяраў расстрэльнай ночы па чарзе прачытаюць усе удзельнікі і госці вечара.
-Другая частка мерапрыемства называецца “Наканаванне лёсу – быць сведкам на судзе гісторыі”. Яна будзе прысвечана Сяргею Грахоўскаму. Яго лёс цесна звязаны з Бабруйскам, а ў верасні бягучага споўнілася 100 год ад яго нараджэння. Крыўдна, але гэтая дата засталася практычна незаўважанай не толькі ў нашым горадзе, але і ў Беларусі… Мала хто ведае творы Грахоўскага, а яны расказваюць пра перанесеныя аўтарам пакуты, пра жахі тых рэпрэсій, і гэта вельмі моцныя творы. Будзем чытаць урыўкі з аповесцяў пісьменніка. Нашы госці адчуюць пэўныя паралелі з сённяшнім днём…
Вечар памяці ахвяраў рэпрэсій пройдзе 28 кастрычніка, на офісе АГП (Кастрычніцкая-173 а, цокальнае памяшканне), пачатак у 18.00