Салігорац зноўку скардзіцца ў Генпракуратуру на парламентарыяў
Сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Віктар Малочка накіраваў у Генеральную пракуратуру новую скаргу на дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў ад Салігорчшыны Яўгена Абаленскага і Таісу Данілевіч. Нагодай для звароту стала грубае парушэнне дэпутатамі Закона “Аб зваротах грамадзян” і Закона “Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь”.
Нагадаем, напачатку жніўня Віктар Малочка звярнуўся да “народных абраннікаў” з запытам адносна пабудовы ў Салігорску новай паліклінікі, але ў адведзены законам тэрмін адказаў ад дэпутатаў не атрымаў. Пасля скаргі актывіста ў Генеральную пракуратуру парламенцкая камісія звярнула ўвагу Яўгена Абаленскага і Таісы Данілевіч на парушэнне заканадаўства. Парламентарыі паспяшаліся даць адказ, але зноўку парушылі закон.
- Усю сваю перапіску я вёў па-беларуску, але спадар Зазуля з Пастаяннай камісія Палаты прадстаўнікоў па дзяржаўнаму будаўніцтву, мясцоваму самакіраванню і рэгламенту, гэтак сама як і салігорскія дэпутаты, з нейкага перапуду далі мне адказы на рускай мове, што з’яўляецца безумоўным парушэннем закона, - кажа Віктар Малочка.
Таксама актывіст АГП звяртае ўвагу на той факт, што заявы дэпутатам ён накіроўваў кожнаму асобна, а адказ атрымаў калетыўны:
- Пра калектыўныя звароты ў Законе ёсць раздел, а вось пра калектыўныя адказы няма. Гэта проста нонсэнс, - лічыць спадар Малочка.
У сувязі з гэтым салігорац зноўку звярнуўся ў Генеральную пракуратуру з просьбай правесці пракурорскую праверку па выяўленых фактах парушэння дзеючага заканадаўства.
Варта адзначыць, што ўжо пасля напісання скаргі Віктар Малочка атрымаў паўторны адказ ад спадара Зазулі з выбачэннямі за першы адказ на рускай мове. Гэткую хуткую рэакцыю парламентарыя на парушэнне заканадаўства актывіст АГП звязвае з тым грамадскім рэзанансам, які набыла дадзеная справа. У сувязі з атрыманымі выбачэннямі Віктар Малочка зняў усе свае прэтэнзіі да спадара Зазулі, а вось дэпутатамі ад Салігоршчыны цяпер зоймецца Генеральная пракуратура.