viasna on patreon

Артыкул 193.1 КК: юрыст Тамара Сяргей не змагла абскардзіць папярэджанне Генпракуратуры

2013 2013-10-25T09:42:13+0300 2013-10-25T09:42:31+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/193logo.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

«Пракуратура і суд выканалі ўказанне Адміністрацыі прэзідэнта» - так юрыст Тамара Сяргей расцаніла рашэнне калегіі Мінскага гарадскога суда па грамадзянскіх справах у складзе Вольгі Рамашэўскай, Алы Крапіўкі і Кацярыны Якутовіч, вынесенае 24 кастрычніка. Пасля абвяшчэння гэтага рашэння ўступіла ў сілу вынесенае ёй афіцыйнае папярэджанне Генеральнай пракуратуры аб крымінальнай адказнасці за арганізацыю дзейнасці незарэгістраванага грамадскага аб'яднання.

Касацыйная інстанцыя не выявіла парушэнняў норм матэрыяльнага і працэсуальнага права ў рашэнні суддзі суда Цэнтральнага раёна сталіцы Івана Майсейчыка, які 29 ліпеня не задаволіў скаргу Тамары Сяргей, пацвердзіў законнасць і абгрунтаванасць афіцыйнага папярэджання Генпракуратуры.

Прычым сваё рашэнне калегія Мінгарсуда вынесла, нягледзячы на тое, што юрыст прадставіла неабвержныя сведчанні падтасоўкі фактаў, падробкі доказаў і падмены прадмета даказванн , пакладзеныя ў аснову судовага рашэння.

Каментуючы гэтыя словы Тамара Сяргей адзначыла: «У судовым пасяджэнні 29 ліпеня Генпракуратура прадставіла ў якасці доказу сваёй пазіцыі копію адпраўлення гібрыднай пошты, на якой адсутнічаў мой подпіс. Акрамя таго, паводле службовых паметак паштовага аддзялення № 131 горада Мінска, гэта адпраўленне было выслана 10 ліпеня 2012 года, а атрымана, згодна штампу Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, 9 ліпеня 2012 (?). Аднак суд не даў ацэнку, у каго з супрацоўнікаў Адміністрацыі прэзідэнта час рушыў ў зваротным кірунку. З дапамогай гэтага і падобных доказаў Генпракуратура прадставіла мяне лідэрам незарэгістраванага грамадскага аб'яднання і на гэтай падставе вынесла мне афіцыйнае папярэджанне.

Я звярнула ўвагу калегіі Мінгарсуда на тое  што людзі адрозніваюцца не толькі узроўнем адукацыі, але таксама норавамі і асаблівасцямі характару. Вось чаму ў любой супольнасці заўсёды ёсць лідэр. Аднак яго наяўнасць у любой групе людзей ніяк не сведчыць аб тым, што дадзеная група людзей з'яўляецца грамадскім аб'яднаннем. У дзяцінстве ўсе чыталі вялікую кнігу Рэд'ярда Кіплінга «Маўглі», дзе аўтар назваў важаком самага аўтарытэтнага ваўка Акелу. Калі ж зыходзіць з логікі чыноўнікаў, то і Акела з'яўляецца кіраўніком грамадскага аб'яднання» .

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства