Пракурорскае папярэджанне за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі Аляксандру Кузьміну не адменена
Скарга грамадскага актывіста Аляксандра Кузьміна з Белаазёрска на дзеянні пракурора Бярозаўскага раёна і пракурора Брэсцкай вобласці ў абласным судзе задаволена не была. Суддзя Алена Кавальчук падтрымала рашэнне пракурораў, якія вынеслі яму папярэджанне за дзейнасць ад імя незарэгістраванай апганізцыі -- кампаніі “Гавары праўду”.
Актывіст кампаніі Валянцін Лазарэнкаў называе гэтае рашэнне неправавым:
- Нельга блытаць актыўнасць грамадзян з дзейнасцю ад імя незарэгістраванай арганізацыі.
Па словах Лазарэнкава, калі з’яўляецца нейкае пытанне (а яны ўзнікаюць), аб’ядноўваецца пэўная колькасць грамадзян і сумесна вырашаюць гэтую праблему. Ніякай структуры, ніякай афіцыйнай арганізацыі і не патрэбна, каб вырашаць праблемнае для людзей пытанне.
Аляксандр Кузьмін будзе падаваць скаргу ў Вярхоўны суд. Калі не даб’ецца праўды ў сваёй краіне, мае намер звярнуцца ў Камітэт па правах чалавека ААН.