viasna on patreon

У Віцебску забаранілі яшчэ два пікеты

2013 2013-10-15T23:24:32+0300 2013-10-15T23:24:32+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/znak_zabarony.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Абедзьве забароны – з Чыгуначнай раённай адміністрацыі, і падпісаныя адной і той самай асобай - намесніцай старшыні раённай адміністрацыі Наталляй Ляпёшкінай.

У правядзенні пікета 19 кастрычніка было адмоўлена віцебскім праваабаронцам, якія збіраліся правесці мерапрыемства дзеля абмеркавання з землякамі праблемы існавання смяротнага пакарання ў Рэспубліцы Беларусь.

Пікет да 25-х угодкаў утварэння БНФ збіраліся правесці віцебскія актывісты Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ  Ян Талпыга і Ян Дзяржаўцаў. Яны таксама атрымалі адмову з раённай адміністрацыі.

Прычына адмоваў і праваабаронцам, і партыйцам адна й тая самая – адсутнасць дамоваў на абслугоўванне акцый з міліцыяй, службай ЖКГ і медыкамі. Наяўнасць такіх дамоваў яшчэ да атрымання ўласна дазволу на акцыю рэгламентавана  рашэннем Віцебскага гарвыканкаму № 881 «Аб масавых мерапрыемствах у г. Віцебску». Актывісты лічаць, што яно супярэчыць дзеючаму заканадаўству, і неаднаразова прасілі ўнесці змены ў гэтае рашэнне, бо адказныя структуры адмаўляюцца ад супрацоўніцтва з імі, пакуль не атрыманы дазвол ад уладаў. З "зачараванага кола" за апошнія амаль 4 гады яшчэ ніводнага разу выбрацца не ўдалося: ніводнай акцыі паводле ініцыятывы актывістаў  з 2009 года ў Віцебску дазволена не было. Хаця свае правы яны спрабавалі адстойваць і ў судах, і ў гарадской адміністрацыі, даводзілася чуць адзін адказ: рашэнне гарвыканкаму зменена не будзе, бо яно прайшло юрыдычную экспертызу і занесена ў рэестр дзяржаўных актаў.

Але віцебскія актывісты спрабуюць зноў і зноў дастукацца да раённых уладаў, якія раз за разам ім адмаўляюць. Так , сябры КХП БНФ Ян Талпыга і Ян Дзяржаўцаў чакаюць адказаў з Кастрычніцкай і Першамайскай раённых адміністрацый, куды пададзены заяўкі на яшчэ два пікеты. На 20 кастрычніка запланавана  акцыя пратэсту супраць размяшчэння ў Беларусі расійскіх вайсковых баз,  а на 27 кастрычніка –  пікет супраць будаўніцтва Астравецкай АЭС. Каардынатар Руху "За свабоду" у Віцебскай вобласці Хрыстафор Жаляпаў і прыхільнік стварэння сацыял-дэмакратычнай партыі "Народная Грамада" Аляксей Гаўруцікаў падалі дзве заяўкі ў Першамайскую раённую адміністрацыю – на пікет салідарнасці з палітвязнямі 29 кастрычніка  і на мітынг "Маем права!" 10 снежня, да ўгодкаў прыняцця Усясветнай дэкларацыі правоў чалавека.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства