Асуджаныя спецкамендатуры ў Купліне будуць мець гарачы душ
Адміністрацыя спецкамендатуры ў Купліне Пружанскага раёна (папраўчай установы адкрытага тыпу) нарэшце прыняла ў дар ад палітзняволенага Паўла Севярынца бойлер. Яго ў самы пачатку знаходжання Севярынца ў спецкамендатуры прывезлі сябры БХД з Кобрына.
Але адміністрацыя адмовілася прыняць, маўляў, шмат дакументацыі патрэбна аформіць. Аднак Севярынец упэўнены, што не ўзялі толькі таму, што ад апазіцыі ў дар нават гарачай вады не трэба.
Па словах Паўла, устаноўка больш як 200-літровага якаснага нарвежскага бойлера вырашыла б даўно праблему адсутнасці гарачай вады ў спецкамендатуры. Колькі ўжо гадоў адсутнасць душавой была галоўнай напругай для куплінскай “хіміі”. З часоў пакінутага савецкага вайсковага гарадка вада халодная і іржавая, якую піць не магчыма. Дай Бог, каб дайшло да ладу. Як жа гэта, каб паўсотні мужыкоў ды й без гарачай вады, - кажа Павел Севярынец.
Надалей Павел Севярынец лічыць, што патрэбна карэнная замена ўсёй структуры адбывання пакарання ў такіх установах.