Бабруйск: Гарвыканкам адмовіў прафсаюзнікам у рэгістрацыі
Старшыня бабруйскай суполкі прафсаюза РЭП Галіна Смірнова паведаміла, што мясцовыя ўлады адмовілі ёй у рэгістрацыі суполкі. У лісце за подпісам намесніка старшыні гарвыканкама Аляксандра Маркачова паведамляецца, што “адкліканы гарантыйны ліст аб прадастаўленні юрыдычнага адраса”, а таксама “назва прафсаюза не адпавядае патрабаванням статута арганізацыі”.
-Мы на самой справе сутыкнуліся з невырашальным пытаннем арэнды памяшкання пад юрыдычны адрас, - кажа Галіна Смірнова. – Арэндадаўцы пагаджаліся здаць нам офіс, а потым раптоўна скасоўвалі дамову. Ведаю, што з імі праводзіліся гутаркі на гэтую тэму, і яны не па сваім жаданні нам адмаўлялі. Напрыклад, гендырэктар ААТ “Беларусьгуматэхніка” паведаміў, што дамова аб субарэндзе была заключаная з намі старшынём таварыства №2 без яго ведама, і таму скасаваў яе. З гаспадарамі апошняга нашага офіса мы заключалі дамову на год, у нас ёсць усе неабходныя дакументы. Але, ТАА “Аттис-СГИ” анулявала гарантыйны ліст. Нам патлумачылі, што ўласнік, нібыта, прадае гэты будынак.
Галіна Смірнова і рэспубліканскі старшыня прафсаюзаРЭП Генадзь Фядыніч не зразумелі, што азначаюць словы чыноўніка аб неадпаведнасці назвы прафсаюза са статутам.
-Ніякіх тлумачэнняў на гэты конт у дакуменце няма, проста даецца гэтая фармулёўка. Я збіраюся пайсці ў гарвыканкам да аўтара гэтага ліста, папрашу, каб патлумачыў, што ён меў на ўвазе, - адзначыла Галіна Смірнова.