Магілёўскі міліцыянт працуе несумленна
У Магілёве міліцыянт Кавалёў падрабіў рапарт, у якім грамадская актывістка Наталля Самахвалава, нібыта адмовілася ад сустрэчы з ім для дачы паказанняў па свайму звароту, раней накіраванаму ёй у Адміністрацыю прэзідэнта.
Пра гэта стала вядома падчас судовага працэсу, які адбываўся ў суддзе Ленінскага раёна Магілёва 23 верасня.
Нагодай для судовай спрэчкі стаў зыск будаўнічай кампаніі “Сектар” да Наталлі Самахвалавай. Прадстаўнікі фірмы праз суд хацелі даказаць, што скаргі, напісаныя грамадскай актывісткай у Адміністрацыю прэзідэнта, санэпідэмстанцыі і міліцыю на дзейнасць рабочых фірмы, нічым не абгрунтаваныя. Тым не менш суд у асобе суддзі Юрчанкі стаў на бок грамадскай актывісткі і прызнаў напісаныя ёй скаргі цалкам слушнымі.
“Наталля Самахвалава пісала скаргі ў вышэйпазначаныя інстанцыі з нагоды таго, што рабочыя будаўнічай фірмы неахайна ставіліся да рэстаўрацыі дома №15 па вуліцы Лазарэнкі. Была скрадзеная каваная агароджа балкона, а таксама некуды знікла памятная пліта, на якой стаяла дата “1910” (час пабудовы гэтага дома). Скарга з Адміністрацыі прэзідэнта была перасланая ў пракуратуру, якая запатрабавала ад міліцыі правядзення новай праверкі”, - гаворыць праваабаронца Ўладзімір Краўчанка.
Вось тут і аказалася, што міліцыянт вырашыў не ісці апытваць Наталлю Самахвалаву, а напісаць у рапарце, што актывістка адмовілася ад сустрэчы і дачы паказання па свайму звароту.
“З гэтай нагоды мы напісалі скаргу ў Адміністрацыю прэзідэнта, дзе распавялі пра несумленнага міліцыянта Кавалёва. Спадзяюся, што за сваё махлярства ён будзе ў бліжэйшы час пакараны ў адпаведнасці з артыкуламі закона”, - гаворыць Уладзімір Краўчанка.