viasna on patreon

Павел Сапелка пра ЛПП, умоўна-датэрміновае вызваленне і алкагалізм

2013 2013-10-03T16:08:42+0300 2013-10-03T16:31:35+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ltp-rus.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Фота http://tuulik.org

Фота http://tuulik.org

Начальнік  Дэпартамента выканання пакаранняў МУС РБ Сяргей Дарошка правёў 1 кастрычніка “прамую лінію”, стэнаграма пытанняў і адказаў якой змешчаная ў газеце “Советская Белоруссия”.

Сярод іншых было зададзена пытанне аб тым, ці можа чалавек, якога змясцілі ў лячэбна-папраўчы прафілакторый,  быць вызвалены раней тэрміну.

Адказ Сяргея Дарошкі быў такім: “Нашым заканадаўствам пакуль не прадугледжана ўмоўна-датэрміновае вызваленне ў сістэме ЛПП, таму ваш сваяк будзе знаходзіцца ў ізаляцыі на працягу ўсяго тэрміну. Аднак прапановы аб з'яўленні такой нормы, як датэрміновае вызваленне з ЛПП, ужо знаходзяцца на разглядзе ў Парламенце.

ПЦ”Вясна” звярнулася да юрыста-праваабаронцы Паўла Сапелкі, які пагадзіўся пракаментаваць словы чыноўніка і адказаць на некалькі пытанняў наконт ЛПП і нібыта лячэння, якое там праводзіцца.

– Спадар Павел, начальнік  Дэпартамента выканання пакаранняў Сяргей Дарошка разважае пра ўмоўна – атэрміновае вызваленне для пацыентаў ЛПП. Аднак грамадства ўвесь час пераконваюць у тым, што гэтыя ўстановы, хаця і прымусова, аднак лечаць ад алкагалізму. Выходзіць, што ад лячэння можна будзе вызваліцца датэрмінова?

– Начальнік  ДВП МУС дапамагае чытачам пазбавіцца ад ілюзій - ён называе рэчы сваімі імёнамі. ЛПП - гэта месца пазбаўлення волі, паколькі грамадзянам, якія знаходзяцца ў лячэбна -працоўных прафілакторыях забаронена іх самавольна пакідаць; на іх накладзены шэраг абмежаванняў - на спатканні з роднымі, на распараджэнне ўласным заробкам, на карыстанне асабістымі рэчамі і вольным часам. Яны і іх рэчы падлягаюць надгляду. Яны абавязаны працаваць, выконваць распараджэнні аховы і выконваць рэжым пад пагрозай прыцягнення да дысцыплінарнай адказнасці або падаўжэння тэрміну ўтрымання ў ЛПП да паўгода. Грамадзянскім працэсам нават не прадугледжаны асобна парадак разгляду скаргаў на накладзеныя спагнанні (адпаведны закон яшчэ толькі разглядаецца). Таму тэрмін з крымінальнага права – умоўна-датэрміновае вызваленне – вельмі дарэчы.

ЛПП – гэта арганізацыя, якая ўваходзіць у сістэму органаў унутраных спраў Рэспублікі Беларусь, якая ствараецца для прымусовай ізаляцыі і медыка-сацыяльнай рэадаптацыі з абавязковым прыцягненнем да працы грамадзян, хворых на хранічны алкагалізм, наркаманію або таксікаманію. Заканадавец не выпадкова на першую пазіцыю паставіў задачу прымусовай ізаляцыі: лячэннем медыцынскімі метадамі зняволеных ў ЛПП не песцяць . Не вядзецца нават статыстыкі таго, колькі зняволеных за час знаходжання ў ізаляцыі вылечваюцца ці хаця б надоўга «завязваюць» са спіртным.

ЛПП – гэта месца пазбаўлення волі, куды людзі змяшчаюцца не па прысуду суда, а на падставе рашэння, прынятага ў рамках грамадзянскага судаводства. Падставай пазбаўлення волі з'яўляецца не здзяйсненне злачынства, а хвароба (хранічны алкагалізм, наркаманія або таксікаманія) і здзяйсненне ў стане алкагольнага ап'янення правапарушэнняў (за якія асоба, як правіла, панесла адміністрацыйную адказнасць).

Пазбаўляючы людзей волі, дзяржава не спяшаецца прыняць на сябе клопаты па іх утрыманню: з заработнай платы i прыроўненых да яе даходаў грамадзян, якія знаходзяцца ў лячэбна -працоўных прафілакторыях, робяцца ўтрыманні кошту харчавання, адзення і абутку, камунальна -бытавых паслуг, а таксама іншыя ўтрыманні ў адпаведнасці з актамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь.

Нарэшце, «зацікаўленыя асобы» (так называюць у працэсе асоб, якія накіроўваюцца ў ЛПП) пазбаўленыя нават мінімальных гарантый, прадугледжаных крымінальна -працэсуальным законам. Грамадзянскім працэсам, напрыклад, не прадугледжаны асобна парадак разгляду скаргаў на папярэджанне, якое папярэднічае звароту ў суд за рашэннем аб ізаляцыі. У адрозненне ад абвінавачаных, зацікаўленым асобам не прадастаўляецца ні юрыдычная дапамога за кошт сродкаў бюджэту, ні бясплатная кансультацыя адваката.

Таму сістэма ЛПП павінна быць ліквідаваная. Заканадаўцам трэба не ўдасканальваць гэты цуд, «народжаны ў СССР», а прыняць прынцыповае рашэнне, магчыма  з падачы Канстытуцыйнага Суда, аб адмене адпаведнага закона.

– Але праблема застаецца, У Расіі, напрыклад, ЛПП ліквідавалі яшчэ ў 1994 годзе і толькі цяпер задумваюцца аб тым, што нічога ўзамен не стварылі?

– Так, на тэрыторыі ўсяго былога СССР ЛПП засталіся толькі ў Туркменістане і ў самаабвешчанай Прыднястроўскай Малдаўскай Рэспубліцы. Беларусы, як бачна, у добрай кампаніі , у гэтых дзяржавах таксама няблага, гэтак жа як і ў нас, ідуць справы з правамі чалавека.

Якая альтэрнатыва? Мне бачыцца гэта так: чалавек, які здзейсніў адміністрацыйнае правапарушэнне ў стане ап'янення, павінен быць асуджаны як хуліган, дэбашыр, як чалавек, які падвяргае блізкіх хатняму гвалту, а не як алкаголік або наркаман. Калі існуючы закон не дае эфектыўнага інструмента, трэба яго – закон – дапоўніць, уводзячы павышаную адказнасць за здзяйсненне сістэматычных правапарушэнняў супраць грамадскага парадку, а  можа,  і крыміналізуючы іх.

Калі мы гаворым пра чалавека, які небяспечны для сябе і навакольных у сілу хваробы, то такі чалавек павінен быць падвергнуты прымусоваму абследаванню і адпраўлены ў далейшым на прымусовае лячэнне.

Калі чалавек нармальна рэагуе на прафілактычныя мерапрыемствы –  ён павінен атрымаць дзяржаўныя дапамогу і рэабілітацыю. Дарэчы, з гэтых трох варыянтаў месца міліцыі ёсць толькі ў першым. У астатніх двух – паліцэйскае ўздзеянне зусім непатрэбна.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства