viasna on patreon

FIDH і "Вясна" шчыра віншуюць Алеся Бяляцкага з высокай узнагародай

2013 2013-09-30T15:37:15+0300 2013-09-30T15:38:21+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/fidh-viasna-new.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Міжнародная Федэрацыя за правы чалавека (FIDH)
Праваабарончы цэнтр "Вясна"

Алесю Бяляцкаму прысуджана прэстыжная праваабарончая прэмія імя Вацлава Гаўла

Савет Еўропы абвясціў аб прысуджэнні праваабарончай прэміі імя Вацлава Гаўла за 2013 год Алесю Бяляцкаму - старшыні Праваабарончага цэнтра "Вясна" і Віцэ -прэзідэнту FIDH. ПЦ "Вясна" і FIDH шчыра віншуюць лаўрэата з гэтай высокай узнагародай.

У жніўні 2011 г. вядомы беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі быў прыгавораны да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі за сваю праваабарончую дзейнасць.

Намеснік старшыні ПЦ "Вясна" Валянцін Стэфановіч адзначыў: «Прысуджэнне гэтай прэміі Алесю Бяляцкаму глыбока сімвалічнае. Яны сустракаліся, а за некалькі дзён да сваёй смерці Вацлаў Гавел напісаў Алесю, які ўжо знаходзіўся ў турме, ліст, у якім выказаў яму падтрымку і надзею на тое, што калі-небудзь Беларусь стане дэмакратычнай дзяржавай».

На фота: Вацлаў Гавел уручыў Алесю Бяляцкаму прэстыжную чэшскую прэмію "Чалавек чалавеку" (Homo Homini). 1 сакавіка 2006 г. 

Алесь, які 25 верасня адсвяткаваў у турме свой ​​51-ы дзень нараджэння, апошнія дваццаць гадоў актыўна займаўся праваабарончай дзейнасцю ў Беларусі і за мяжой. Падчас праведзенага ў траўні 2013 г. у Стамбуле 38-га Кангрэса FIDH ўсе дэлегаты прадэманстравалі Алесю сваю падтрымку і давер, зноў абраўшы яго Віцэ-прэзідэнтам FIDH.

Разам са сваімі калегамі па заснаваным ім у 1996 годзе Праваабарончым цэнтры "Вясна", Алесь займаўся аказаннем дапамогі вязням сумлення і членам іх сем'яў. Дзейнасць арганізацыі рэальна замінала рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, які прыгаварыў у выніку Алеся Бяляцкага за ўхіленне ад выплаты падаткаў (з сумаў, атрыманых арганізацыяй з-за мяжы на вядзенне сваёй праваабарончай дзейнасці) да тэрміну ў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму і канфіскацыі офіса арганізацыі.

«Правячы ў Беларусі рэжым развязаў ганебнае цкаванне сябраў "Вясны" і іншых праваабарончых арганізацый краіны ў адплату за іх легітымную і выключна важную дзейнасць, і, без сумневаў, звяртаецца да крымінальных абвінавачванняў», - заявіў прэзідэнт FIDH Карым Лахіджы. «Я спадзяюся, што гэтая прэмія нагадае сусветнай супольнасці і, у асаблівасці, еўрапейскім дзяржавам, што зусім непадалёк ад іх ёсць яшчэ краіны, улады якіх беспакарана падвяргаюць рэпрэсіям свой ​​уласны народ», - дадаў ён.

FIDH і ПЦ "Вясна" таксама віншуюць і двух іншых намінантаў, якія ўвайшлі ў кароткі спіс на прэмію: Асацыяцыю маладых юрыстаў (Грузія) і Праваабарончую сетку Rights Defence Network (Кітай).

Праваабарончай прэміяй імя Вацлава Гаўла, якая штогод прысуджаецца Парламенцкай асамблеяй Савета Еўропы сумесна з бібліятэкай імя Вацлава Гаўла і Фондам «Хартыя 77», узнагароджваюцца выдатныя дасягненні грамадзянскай супольнасці ў справе абароны правоў чалавека ў Еўропе і па-за яе межамі.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства