Супрацоўнік міліцыі не жадае сведчыць па справе Уладзіміра Лабковіча
Сведка-міліцыянт, які затрымліваў праваабаронцаў “Вясны” Уладзіміра Лабковіча і Таццяну Рэвяку падчас раздачы інфармацыйных матэрыялаў пра палітвязня Алеся Бяляцкага, 30 верасня ў чарговы раз не з’явіўся на судовае паседжанне.
Перагляд адміністратыўнай справы перанесены на 7 кастрычніка і пачнецца а 9-й раніцы.
Першы перагляд пастановы суда Цэнтральнага раёна, які пакараў праваабаронцу штрафам у тры мільёны рублёў, быў прызначаны на 18 верасня. У той дзень супрацоўнік міліцыі Смаляк, які мусіў прысутнічаць на паседжанні ў якасці сведкі, у суд не з’явіўся. Таму перагляд справы быў перанесены на 30 верасня.
Калі сёння Уладзімір Лабковіч з’явіўся у суд, то высветлілася, што сведка Смяляк ізноў на паседжанне не прыйшоў. Як паведаміў праваабаронцу суддзя, міліцыянт даслаў даведку пра тое, што знаходзіцца ў адпачынку.
Уладзімір Лабковіч абураны гэтай сітуацыяй і па-ранейшаму лічыць, што супрацоўніка міліцыі варта прыцягнуць да адказнасці за непавагу да суду, бо знаходжанне ў адпачынку не вызваляе таго ад абявязку з’явіцца ў суд.
Нагадаем, Уладзімір Лабковіч абскардзіў у Мінскі гарадскі суд пастанову пра штраф ад 6 жніўня 2013 года, вынесеную на падставе часткі 1 артыкула 23.34 КаАП (“парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства”) суддзёй Савецкага раёна Дзмітрыем Паўлючэнкам. Касацыйная інстанцыя пастанавіла скасаваць гэтую пастанову, накіраваўшы справу ў суд Савецкага раёна на перагляд да новага суддзі.