Віншаванні з Днём нараджэння Ігару Аліневічу і Алесю Бяляцкаму даслалі з Бялыніцкага раёна
Віншаванні з Днём нараджэння беларускім палітвязням Ігару Аліневічу і Алесю Бяляцкаму даслалі грамадскія актывісты з Бялыніцкага раёна.
За кратамі наваполацкай калоніі № 10 свой трыццаты дзень нараджэння 24 верасня сустракае асуджаны па “справе анархістаў” Ігар Аліневіч. 25 верасня адзначыць дзень нараджэння за сценамі Бабруйскай выпраўленча калоніі № 2 праваабаронца Алесь Бяляцкі.
Бялыніцкія актывісты жадалі палітвязням здароўя, мужнасці і цярпення, а таксама пісалі пра тое, што на волі пра іх заўсёды памятаюць, выказвалі надзею на тое, што ўжо ў хуткім часе ў жыцці Алеся Бяляцкага і Ігара Аліневіча адбудуцца пазітыўныя змены.
Адзначым, што грамадскія актывісты з Бялыніцкага раёна пастаянна заклікаюць мясцовых жыхароў да праяўлення салідарнасці з беларускімі палітвязнямі. Любы жадаючы напісаць некалькі слоў у падтрымку палітвязняў можа атрымаць паштоўкі ў краме бялыніцкага грамадскага актывіста, сябра Партыі БНФ Мікалая Мяцеліцы.