Мінскі гарадскі суд накіраваў справу Контуша на перагляд
22 жніўня ў судзе Цэнтральнага раёна г. Мінска суддзя Вікторыя Шабуня, якая разглядала адміністрацыйную справу Яўгена Контуша, пакарала яго штрафам - 12 б.в. Ён быў абвінавачаны па артыкуле 23.34 КаАП - парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў.
Нагадаем, 8 жніўня супрацоўнікі міліцыі затрымалі беларускіх нацболаў, якія пратэставалі супраць «прызыўнога рабства», сярод затрыманых быў і Яўген Контуш.
Актывіст накіраваў касацыйную скаргу на рашэнне суда Цэнтральнага раёна ў Мінскі гарадскі суд. Як стала вядома сёння, суддзя Валер Камісараў адмяніў пастанову і накіраваў справу на новы разгляд у суд Цэнтральнага раёна.
Летась Яўгена Контуша ўжо апраўдвалі. Ён абвінавачваўся ў адміністрацыйным правапарушэнні за арганізацыю і правядзенне несанкцыянаванага масавага мерапрыемства, аднак суд Савецкага раёна вызначыў, што яго віна не даказана.