viasna on patreon

Алесь Бяляцкі. Развагі пра ахвярнасьць: Андрэй Цікота

2013 2013-09-19T18:35:05+0300 2013-10-21T14:08:57+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/andrej_cikota.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Архімандрыт Андрэй Цікота (1891–1952). Фота з часопіса “Наша вера”

Архімандрыт Андрэй Цікота (1891–1952). Фота з часопіса “Наша вера”

У працяг* развагаў пра ахвярнасьць хачу закрануць лёс айца Андрэя Цікоты. Матэрыялы пра яго былі надрукаваныя дасьледчыкам беларускай літаратуры Юрасём Гарбінскім у часопісе “Наша вера” (№1 за 2012 год).

Напачатку - колькі словаў пра жыцьцёвы шлях а.Андрэя Цікоты.

Нарадзіўся Андрэй Цікота 5 сьнежня 1891 года у Сьвянцянскім павеце Віленскай губерніі. Цяпер гэта тэрыторыя Літвы, зусім недалёка ад мяжы з Беларусьсю. Хрысьцілі яго ў мястэчку Жодзішкі, якое знаходзіцца сёньня па гэты бок мяжы. У школе Андрэй Цікота вучыўся ў Ашмянах. Каталіцкае насельніцтва Віленшчыны было беларускім па этнічным складзе, але яно безупынна падвяргалася паланізацыі. У царскай Расіі дзейнічаў прынцып: калі ты праваслаўны, значыць рускі, калі каталік, значыць паляк. Маладому беларускаму нацыянальнаму руху, які пачаў актыўна разьвівацца напачатку ХХ стагоддзя, прыходзілася ламаць гэтыя стэрыатыпы і ідэалагічна супрацьстаяць двум баком - абрусіцелям і паланізатарам беларускага народу.

Андрэй Цікота ўсьвядоміўся яшчэ падчас вучобы ў Віленскай рыма-каталіцкай семінарыі (1909 – 1913 гг.). У семінарыі існаваў беларускі культурна-асьветніцкі гурток, куды ўваходзілі семінарысты родам у асноўным з бедных сялянскіх сем’яў. Тады семінарысты, мабыць, яшчэ не ведалі, што любоў да беларушчыны стане для іх другім крыжам, які яны будуць ахвярна несьці да канца свайго жыцьця.

У 1913 г. Андрэй Цікота працягвае навучаньне ў рыма-каталіцкай духоўнай акадэміі ў Пецярбурзе. У акадэміі ён працягвае ўдзельнічаць у працы беларускага студэнцкага гуртку.

Дзіўная сітуацыя, але для беларускіх студэнтаў, будучых сьвятароў, у царскай Расіі было больш магчымасьцяў для беларускай культурніцкай працы, чым у будучым у Савецкай Беларусі, дзе ксяндзоў лічылі за польскіх шпіёнаў, ці ў Заходняй Беларусі пад Польшчаю, дзе іх падазравалі ў супрацы з камуністамі. Менавіта ў гэтыя перадрэвалюцыйныя гады была падрыхтаваная і высьвецілася цэлая кагорта беларускіх ксяндзоў, якія неўзабаве складуць аснову беларускага хрысьціянска-дэмакратычнага руху і будуць упарта змагацца за нацыянальнае ўсьведамленьне беларусаў. І найперш беларусаў рыма-каталіцкага вызнаньня.

13 чэрвеня 1913 года Андрэй Цікота быў высьвечаны на сьвятара, але працягвае вучобу. Ён скончыў духоўную акадэмію ўжо ў Петраградзе ў 1917 годзе. У гэтым жа годзе ён вяртаецца ў Беларусь, сьвятарыць у Маладэчне, Вілейцы, Будславе. Ён актыўна далучаецца да грамадзкага жыцьця, у 1917 годзе ўдзельнічае ў І-м зьездзе беларускіх каталіцкіх сьвятароў у Менску, зьяўляецца сябрам Саюзу ксяндзоў-беларусаў. У 1918 годзе а.Андрэй Цікота працуе прафесарам у Менскай духоўнай семінарыі. У гэтым жа годзе ён абіраецца ў Раду Беларускай Народнай Рэспублікі. Падчас польска-савецкай вайны бальшавікі бралі а.Андрэя Цікоту ў закладнікі, але гэтым разам яму пашанцавала, яго выпусьцілі.

У 1920 годзе Андрэй Цікота ўступае ў Ордэн айцоў марыянаў. У 1924 годзе ў Друі пры фінансавай дапамозе Магдалены Радзівіл ён засноўвае мужчынскі манастыр марыянаў і жаночы манастыр Сясьцёр Служэбніц Езуса ў Эўхарыстыі (эўхарыстак).


Фота: Catholicnews.by 

Марыяне ўтрымлівалі гімназію, дзе маглі вучыцца дзеці любой нацыянальнасьці. Пры манастыры быў адчынены павіцыят, дзе да сьвятарскага пакліканьня рыхтаваліся ў асноўным юнакі з беларускіх каталіцкіх сем’яў. Праз гэты павіцыят прайшлі такія выбітныя ў будучым рэлігійныя дзеячы і сьвятары як біскупы Часлаў Сіповіч, перакладчык бібліі на беларускую мову ксёндз Уладыслаў Чарняўскі.

У 1933 годзе а.Андрэй Цікота быў абраны генеральным суперыёрам Ордэну айцоў марыянаў і жыве падчас выкананьня абавязкаў генерала закону ў Рыме. Ён становіцца рэлігійным дзеячом міжнароднага маштабу. Але гэта не ўратавала мужчынскі кляштар марыянаў у Друі ад рэпрэсіяў з боку польскіх уладаў. У 1938 годзе беларускія манахі былі безпадстаўна выселеныя з Друі. Друя была прымежным мястэчкам, а іх палічылі недобранадзейнымі. Сярод высланых ксяндзоў быў і айцец Юры Кашыра, які ў 1943 годзе добраахвотна, як напісала пісьменьніца Ірына Жарнасек, “пойдзе ў агонь” разам з людзьмі, якіх спаляць карнікі ў мястэчку Росіца.

Беларускія ксяндзы за палякамі ў Заходняй Беларусі перасьледваліся, не маглі атрымаць працу ў парафіях, дзе жылі рыма-католікі беларусы. Самое іхняе існаваньне пярэчыла афіцыйнай дзяржаўнай палітыцы на Крэсах, накіраванай на апалячваньне беларусаў-католікаў праз дзяржаўныя інстытуты – школу, войска і праз касьцёл. Таму ня дзіва, што айцы-марыяне апынаюцца на місійнай працы аж у Маньчжурыі, дзе яны працуюць у місіі для каталікоў усходняга абраду (уніятаў). У 1939 годзе а.Андрэй Цікота быў прызначаны Апостальскім адміністратарам для ўніятаў Маньчжурыі і выехаў на місію.

Неўзабаве пачнецца ІІ сусьветная вайна і архімандрыд Андрэй Цікота будзе вымушаны застацца ў Харбіне на доўгія 10 гадоў.

Місійная дзейнасьць а.Андрэя Цікоты скончылася трагічна. У 1948 годзе яго разам з іншымі трыма айцамі-марыянамі арыштоўвае кітайская камуністычная міліцыя і перадае савецкім уладам. Пяць месяцаў а.Андрэя Цікоту трымаюць у чыцінскай турме, яго катуюць, спрабуюць нахіліць да супрацы, прапаноўваюць ачоліць незалежны ад ватыкану каталіцкі касьцёл у Беларусі.

Штосьці падобнае зрабілі камуністычныя ўлады ў Кітаі, змусіўшы некаторых каталіцкіх сьвятароў парваць духоўныя і адміністрацыйныя сувязі з Ватыканам і абвясьціць незалежны каталіцкі касьцёл у Кітаі.

Айцец Андрэй Цікота не пагадзіўся з такой прапановай. Ён не ўзяў на сябе грэх рэлігійнага раскольніцтва дзеля яўнага аблягчэньня ўласнага лёсу. За гэта ён быў жорстка пакараны. Праз пяць месяцаў зьняволеньня асобная камісія міністэрства дзяржаўнай бясьпекі ў Маскве завочна асуджае яго за антысавецкую агітацыю, арганізацыю тэрарыстычнай групоўкі і шпіянаж на карысьць Ватыкану і Японіі да 25-ці гадоў зьняволеньня ў лагеры.

Архімандрыту Андрэю Цікоту было 58 гадоў. Згодна прысуду ён быў асуджаны па артыкуле 58 – п.п. 4, 6, 11 КК РСФСР. Значыць выйсьці з лагеру ён павінен быў у 83 гады, 15 студзеня 1974 года. Гэта ўражвае мяне з дзьвюх прычынаў. Першая – такі прысуд для а.Андрэя Цікоты азначаў фактычна пажыцьцёвае зьняволеньне. А, улічваючы нялюдзкія ўмовы ўтрыманьня вязьняў у ГУЛАГу, і недалёкую сьмерць. Адмовіўшыся ад спакусьлівых прапановаў уладаў да калабарацыі, а.Андрэй Цікота сьвядома выбраў сьмерць.

А другі момант – магія гэтых лічбаў у артыкулах прысуду і ў сканчэньні тэрміну. І зараз ва ўсіх зонаўскіх дакументах, а таксама ў розных заявах зьняволеных мусяць быць такія самыя дадзеныя. Я пішу: Артыкул 243 ч. 2 КК РБ, тэрмін 4 гады 6 месяцаў. Пачатак тэрміну: 04.08.2011. Канец тэрміну: 04.02.2016. Гэтая ж інфармацыя ёсьць у маёй справе і нават на цэтліку на маёй шконцы. 60 гадоў мінула…

Падавалася, унутраны душэўны стан а.Андрэя Цікоты павінен быць жахлівым. Галоўныя ягоныя пачынаньні і рэлігійныя і беларускія здавалася што скончыліся паразаю. Кляштар у Друі быў разагнаны палякамі, кітайцы зьнішчылі ўніяцкую місію ў Харбіне, арыштавалі яго і аддалі саветам. Саветы не маглі дараваць яму ні сяброўства ў Радзе БНР, ні рыма-каталіцтва, ні ўніяцкую місійную дзейнасьць. Некаторыя ягоныя браты-марыяне былі забітыя камуністамі, як ягоны папярэднік у кіраўніцтве місіі ў Харбіне архімандрыт Фабіян Абрантовіч. Некаторых забілі фашысты, як сьвятароў Юрыя Кашыру і Антонія Ляшчэвіча. Паўсюль ляжалі руіны веры і беларушчыны.

Тым ня меньш, а.Андрэй Цікота цярпліва, без скаргаў на лёс, мужна працягваў высока несьці свой пакутлівы крыж.

Адзін з сьвятароў, арыштаваны разам з а.Андрэем Цікотам і асуджаны, а.Язэп Германовіч дачакаецца сьмерці Сталіна, будзе адпушчаны з лагероў, выедзе на Захад і напіша кніжку пра сваю лагерную эпапею “Кітай – Сібір - Масква”. Айца ж Андрэя Цікоту чакаў іншы лёс. Ён адбывае зьняволеньне ў лагерах Іркуцкай вобласьці, цяжка хварэе і 11 лютага 1952 года памірае ў лагернай бальнічцы №2 “Азёрбуду”. Пахаваны архімандрыт Андрэй Цікота на лагерных могілках каля пасёлку Нова-Чунка Шыткінскага раёну Іркуцкай вобласьці. Дзе зараз яго магіла – невядома.

Як я ўжо пісаў, захавалася восем лістоў айца Андрэя Цікоты да сясьцёр-эўхарыстак Елізаветы Варонькі і Апалёніі Пяткун. Лісты з няволі выклікаюць у мяне асаблівую ўвагу, бо сам іх апошнія 22 месяцы пішу багата. Што яшчэ так, як лісты з няволі, адбіваюць стан чалавечае душы.

Лагерная цэнзура змушала айца Андрэя Цікоту маскаваць свае думкі і пачуцьці. Я з усьмешкаю чытаю ў лістах такія сказы як: “Начальства адносіцца да нас вельмі добра. Умовы жыцьця не настолькі цяжкія, як магло здавацца напачатку”. Яны, безумоўна, разьлічаныя на цэнзуру і кагэбістаў.


Архімандрыт Андрэй Цікота. Фота з часопіса “Наша вера”  

З лістоў мы даведваемся пра цяжкі стан здароўя а. Андрэя Цікоты. Ён часта знаходзіцца ў больніцы. Хваробы апаноўваюць яго адна за другой. У яго міякардыт (парок сэрца), дыстрафія, пачаткі цынгі, ад якой амаль не засталося зубоў, тромбафлебіт (закупорка венаў на левай назе), адсюль часта высокая тэмпература, ацёк твару і ног. Па стане здароўя а. Андрэй Цікота прызнаны інвалідам. У 1951 годзе да ўсіх хваробаў дадаўся яшчэ радыкуліт, затым быў прыступ рожы і поліеразіт (запальная вадзянка ў кішэчніку). Ад гэтых хваробаў яго, як ён піша ў лісьце, “лечаць па меры магчымасьці”. Дыстрафія і цынга кажуць пра тое, што а.Андрэяй Цікота ў зьняволеньні галадаў, а тая ежа, якую давалі вязьням, была пазбаўленая вітамінаў. Пра гэта асьцярожна піша ён сам: “У ежы тут, на жаль, вельмі мала тлушчаў”. Калі зьявілася магчымасьць перасылаць яму пасылкі, а.Андрэй Цікота піша: “тлушчы, цукар і часнок патрэбныя насамперш”.

Нягледзячы на сваё гаротнае становішча, ён клапоціцца пра тое, што сёстры самі могуць цярпець нястачу: “Яшчэ раз хачу падкрэсьліць – занадта сябе не абцяжарвайце і прысылайце што-кольвек толькі калі будзе магчымасьць". Ён яшчэ і яшчэ раз паўтарае: “я заўсёды баюся, што вы самі сябе не ашчаджаеце і шмат у чым сабе адмаўляеце, каб толькі нам дапамагчы. Будзьце разважлівымі і ня крыўдзіце сябе”.

Тым ня меньш, ні хваробы ні голад не зламалі дух а.Андрэя Цікоты. Цела адмаўлялася яму служыць, але дух ягоны быў як ніколі моцным. Ён сьцісла піша пра гэта: “Я дзякую Богу і за тое, што атрымоўваю. Пустэльнікі і таго ня мелі, але адчувалі сябе выдатна. Духоўна я адчуваю сябе добра”. Гэтая спасылка на пустэльнікаў падказвае нам, што прыкладам для сябе ў гэтых найцяжэйшых умовах а.Андрэй Цікота абраў ахвярных людзей, якія сьвядома цярпелі за веру.

У іншым лісьце а.Андрэй Цікота піша: “Духам я адчуваю сябе добра і ніколі яшчэ не сумаваў і нічым не пераймаўся”.

Ужо быўшы цяжка хворым ён піша: “Можна таксама жыць, як жылі айцы ў пустыні. Можна жыць з чорным сухаром (сьвежага хлеба елі вельмі мала) і з вадой”.

Пра што не забываецца прасіць а.Андрэй Цікота ў лістах, дык гэта пра белыя сухары і разынкі. Першыя яму былі патрэбныя для прыгатаваньня аплатак, а другія для вырабу віна. У лагеры ён служыў службу: “Калі ў вас будзе магчымасьць, прышліце, калі ласка, хоць 300 ці 400 грамаў разынак ды сухароў з сапраўднай пшанічнай мукі. Гэта патрэбна для майго здароўя”. У іншым лісьце ён піша: “Асабліва я вам удзячны за ягады, якія мне вельмі дапамагаюць. Я карыстаюся імі амаль штодзённа, але вельмі ашчадна”. Ва ўмовах лагернага татальнага кантролю за вязьнямі гэта быў чарговы ахвярны подзьвіг а.Андрэя Цікоты.

Айцец Андрэй Цікота рэальна ацэньвае свае шанцы на жыцьцё. Пішучы пра магчымы зыход з жыцьця, ён паведамляе: “Я думаю пра яго ня толькі спакойна, але нават з радасьцю, і толькі прашу Усемагутнага, каб гэты зыход быў згодны з Яго воляю”.

Нягледзячы на свой цяжкі фізічны стан, а.Андрэй Цікота ў кожным лісьце цікавіцца сітуацыяй, у якой знаходзяцца айцы марыяне і сёстры эўхарысткі ў Беларусі. У першым лісьце ён піша: “Ня ведаю, хто з вас жыве і дзе знаходзіцца… напішыце, хто жывы з братоў і сясьцёр і дзе знаходзіцца. Прайшло ўжо больш за 12 гадоў з таго часу, калі я быў дома.
Але кожны дзень вас згадваю і не забуду да самай сьмерці”.

Вайна, якая пачалася ў 1939 годзе, затым акупацыя Беларусі, затым немагчымасьць трымаць кантакты паміж Кітаем і савецкай Беларусьсю стварылі такую сітуацыю фізічнай адарванасьці і ізаляцыі марыянскіх асяродкаў. Але духоўнай ізаляцыі не было. Айцец Андрэй Цікота як заснавальнік друйскіх кляштараў, як духоўны айцец сясьцёр эўхарыстак адчуваў духоўную лучнасьць з братамі і сёстрамі ў Беларусі. І пэўную адказнасьць за іхняе жыцьцё і лёс. Мяркую, апошні сказ у гэтым урыўку меў вялікае значэньне і для друйскіх сясьцёр і для самога а.Андрэя Цікоты. Ён даваў сігнал, што ён працягвае духоўна апекавацца сёстрамі эўхарысткамі нават будучы ў зьняволеньні.

Айцец Андрэй Цікота высока ацэньвае дзейнасьць сясьцёр эўхарыстак, якія, нягледзячы на небясьпеку для іхняй свабоды і фактычна падпольныя ўмовы працы за саветамі, тым ня меньш засталіся працаваць у Беларусі: “Я рады, што вы не пакінулі бацькаўшчыны, што актыўна і дзейсна працуеце для агульнага дабра сваіх братоў”.

Айцец Андрэй Цікота дае духоўныя ўказаньні настаяцельніцы сясьцёр Апалоніі Пяткун: “Табе хачу парадзіць: ня бойся сваёй пасады і сваіх абавязкаў. Выконвай іх стойка з верай у дапамогу Бога”. У іншым лісьце ён піша настаяцельніцы сястры Апалоніі: “Лісты твае адначасна засмуцілі мяне і парадавалі. Засмуцілі… вашыя цяжкасьці. Але мужнасьць і надзея, зь якімі вы ўсё гэта пераносіце, глыбока мяне радуюць”.

Айцец Андрэй Цікота натхняе і падтрымлівае манахінь. Адным з істотных крытэрыяў ацэнкі іхняй дзейнасьці для яго зьяўляецца праца на карысьць Беларусі і беларускага народу. Ён спадзяецца, “што маладое пакаленьне, якога я ўжо ня ведаю, будзе ня меньш актыўнадзейным і разам з вамі прынясе немалую карысьць Бацькаўшчыне і нашым людзям прыкладам сваёй працалюбівасьці, шчырасьці і вернасьці пры выкананьні сваіх абавязкаў”.

У Беларусі ў гэтыя гады быў трагічны час для веры. Савецкая ўлада працягвала расправу над сьвятарамі. Былі арыштаваныя і асуджаныя на 25 гадоў лагероў сьвятары марыяне Люцыян Паўлік і Юзаф Францкевіч. Жыў у падпольлі, хаваўся ад уладаў ксёндз Баляслаў Заяц. Айцец Андрэй Цікота іншасказальна піша пра гэта: “Засмуцілі ўчынкі Л., Ю. і Бал.” Сёстры эўхарысткі таксама ўвесь час працуюць пад пагрозаю арышту і рэпрэсіяў. Айцец Андрэй Цікота цьвёрда падтрымлівае іхнюю ахвярную місію: “Ты просіш, каб я маліўся за вас. Але ж гэта мой прамы абавязак. Я памятаю пра вас і пра ўсіх маіх друйскіх парафіянаў у часе ўсіх маіх малітваў…
Цешуся разам з вамі за вашую моладзь і перакананы, што старэйшыя ня будуць апошнімі. Я захоплены вашай самаахвярнасьцю”.

У іншым лісьце а.Андрэй Цікота клапоціцца пра бясьпеку настаяцельніцы Апалоніі Пяткун: “Непакоюся з тае прычыны, што могуць быць непрыемнасьці і з боку айчыма. Беражы здароўе, сядзі больш дома і не пакідай сваіх дзетак”. Айчым – так айцец Андрэй называў уладу, якая панавала тады ў Беларусі.

Ён ганарыцца адважнай і ахвярнай дзейнасьцю сясьцёр: “Не магу ня радавацца, што яны ўсе такія бадзёрыя і сьмела крочаць па жыцьці”. Айцец Андрэй Цікота яшчэ раз ухваляе выбар і рашэньне сясьцёр не зьязджаць ад небясьпекі ў Польшчу, а застацца працаваць у Беларусі: “Але вы вельмі добра зрабілі, што засталіся на Бацькаўшчыне і працуеце сярод сваіх братоў і для сваіх братоў. Місіі Яна і Веранікі вельмі высокія, і Усемагутны дапаможа вам іх выканаць. І будзьце ўпэўнены, што ён вас ніколі не пакіне і будзе вам найлепшым настаўнікам.
Хто драбнее, а хто расьце, цяпер сказаць цяжка. Важна, каб добра выканаць той абавязак, які нам дадзены”.

Мы пераконваемся, што ніякія пакуты і цярпеньні не маглі зламаць магутны духоўны стрыжань а.Андрэя Цікоты. Знаходзячыся за тысячы кіламетраў ад Беларусі, балансуючы на мяжы жыцьця і сьмерці, церпячы ад хваробаў і голаду, ён, наколькі гэта было магчыма пад наглядам цэнзуры, кіруе дзейнасьцю сясьцёр эўхарыстак, заахвочвае іх да працы, умацоўвае іхнюю веру і дух. Ён мудра перакананы, што іхняя праца будзе недарэмнаю. Айцец Андрэй Цікота ўпэўнены, што “працалюбівасьць, шчырасьць, вернасьць” дапамогуць сёстрам выканаць абавязак служэньня Богу і Бацькаўшчыне.

Вера а.Андрэя Цікоты ў Бога, у гуманізм, у дабро, у слушнасьць сваёй жыцьцёвай пазіцыі надала яму бясстрашша. Сіла духа ў айца Андрэя Цікоты была такая вялікая, што, падаецца, ён вызваліўся ад сваёй цялеснай абалонкі і зусім не залежаў ад яе.

Глыбокая перакананасьць у сваёй праваце ў айца Андрэя Цікоты была ўнутранай, не на паказ. Пра свой стан духу ён піша ў лістах толькі з тае прычыны, каб супакоіць сясьцёр, якія хваляваліся за яго. Гэта значыць, тое, як сябе паводзіў а.Андрэй Цікота, ён рабіў дзеля сваіх рэлігійных перакананьняў і гуманных поглядаў на жыцьцё. У гэтым зямным попеле, які ўчыніла яму нялюдзкая ўлада, ён заховаў сваё Я, свой унутраны гонар і годнасьць найперш для сябе. Ягоны жыцьцёвы шлях быў лагічны і зразумелы.

Сваім жыцьцём, грамадзкімі і духонымі ідэаламі, пакутніцкай сьмерцю а.Андрэй Цікота міжволі паказаў усім нам вялізарны і яскравы прыклад няўтомнай працы, слушнай жыцьцёвай пазіцыі, ахвярнасьці, прынесенай дзеля веры і Бацькаўшчыны.

______________________________________________________________________

Свае развагі пра ахвярнасьць Алесь Бяляцкі напісаў у бабруйскай калоніі ў траўні-чэрвені гэтага году. Але, як высьветлілася пасьля ў ліставаньні з палітвязьнем, не ўсе яго запісы дайшлі на волю. У нас ёсьць магчымасьць прачытаць пра двух самаахвярных рэлігійных і грамадскіх дзеячаў – беларуса Андрэя Цікоту (ад 27.05.2013) і расійца Леаніда Фёдарава (ад 01.06.2013). Распачынаўся ж цыкл з развагаў Алеся Бяляцкага пра цяперашнюю сітуацыю і самаахвярных сучасьнікаў, але гэты нарыс цэнзура не выпусьціла за сьцены калоніі. 

 

Архімандрыт Андрэй Цікота (1891–1952). Фота з часопіса “Наша вера”
Фота: Catholicnews.by

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства