Перагляд справы Уладзіміра Лабковіча прызначаны на 18 верасня
18 верасня ў судзе Савецкага раёна Мінска аб 11-й гадзіне распачнецца перагляд адміністратыўнай справы сябра Рады ПЦ “Вясна” Уладзіміра Лабковіча, які абскарджваў трохмільённы штраф за акцыю з нагоды другой гадавіны зняволення Алеся Бяляцкага.
Мінскі гарадскі суд, разгледзеўшы касацыйную скаргу праваабаронцы, пастанавіў адмяніць пастанову пра штраф ад 6 жніўня 2013 года, вынесеную суддзёй Савецкага раёна Дзмітрыем Паўлючэнкам, і накіраваць адміністратыўную справу на перагляд да новага суддзі.
Наконт асобы суддзі, які будзе пераглядаць справу, Уладзімір Лабковіч інфармацыі не мае. Аднак ён не мае асаблівых спадзяванняў і на тое, што штраф будзе адменены.
Нагадаем, што 6 жніўня сябры Рады ПЦ “Вясна” Уладзімір Лабковіч і Таццяна Рэвяка былі асуджаныя судом Савецкага раёна на падставе часткі 1 артыкула 23.34 КаАП (“парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства”) да штрафаў у памеры 30 базавых велічынь кожнаму. Праваабаронцы былі затрыманыя 5 жніўня ў цэнтры Мінска за раздачу інфармацыйных улётак з нагоды другой гадавіны ўтрымання за кратамі па палітычных матывах старшыні арганізацыі Алеся Бяляцкага.